wd wp Пошук:

Мацей Догель

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Догель.

Мацей Догель (6 жніўня 1715, в. Гембулы, Лідскі павет — 24 лютага 1760) — вялікалітоўскі гісторык-архівіст, прававед.

Біяграфія

Пасля заканчэння Шчучынскага піярскага калегіума ўступіў у ордэн піяраў і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Маршалак надворны літоўскі уладальнік мястэчка Шчучын Ю. Сцыпіён дэль Кампа даручыў яму выхаванне свайго сына, разам з якім Догель выязджаў за мяжу, наведваў лекцыі ў Лейпцыгскім і Парыжскім універсітэтах, удасканальваў свае веды ў філасофіі, міжнародным праве і матэматыцы. З канца 1740-х гадоў рэктар піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі — Віленскі піярскі «Калегіум Нобіліум». У апублікаваным «Паведамленні» пра адкрыццё гэтай школы падкрэсліваў вялікую ролю асветы ў справе маральнага ўдасканалення народа. Шмат падарожнічаў, у 1748 г. як пасол Рэчы Паспалітай меў магчымасць працаваць у архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шмат гістарычных і дыпламатычных дакументаў. Выкарыстоўваў таксама рэдкія, малавядомыя або нават сакрэтныя афіцыйныя дакументы, што захоўваліся ў каралеўскім архіве Кракава і Нясвіжскім архіве. Асноўным навуковым і наватарскім на той час выданнем Догелем быў збор міжнародных трактатаў. З 8 запланаваных тамоў выйшлі толькі 3 пад назвай «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага» (Codex Diplomaticus Regni Poloniae et Magni ducatus Lithuaniae, in guo pacta, foedera tractatus pacis etc; Т. 1, 1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы (5 тамоў) у рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку (Варшава), потым у Віленскі ўніверсітэт, адтуль у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Выдаваў таксама збор дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага»[3] (1758 г.) па размежаванні дзяржаўнай граніцы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне XVI ст. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносін Польшчы, Літвы і Беларусі за XIII — XVIII стст. як гістарычныя крыніцы не страцілі свайго значэння.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Maciej Dogiel // data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011.
  2. 1 2 Maciej Dogiel // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. Dogiel M. Limites Regni Poloniae & Magni Ducatus Litvaniae. — Vilnae, 1758.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вучоныя паводле алфавіта
Выкладчыкі Шчучынскага піярскага калегіума
Нарадзіліся ў Лідскім павеце (Вялікае Княства Літоўскае)
Памерлі 24 лютага
Гісторыкі Беларусі
Памерлі ў 1760 годзе
Выпускнікі Шчучынскага піярскага калегіума
Памерлі ў Варшаве
Нарадзіліся ў 1715 годзе
Нарадзіліся 6 жніўня
Асобы
Навучэнцы Шчучынскай піярскай школы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных