Матуш Чак (верагодна 1252 — 18 сакавіка 1321 года) — венгерскі магнат, сын храбрага Петэра I Чака[2] (? — 1283), «некаранаваны кароль» заходняй і цэнтральнай Славакіі, якая ў той час ўваходзіла ў склад Венгрыі. Славакі называлі яго «Панам Вага і Татраў» (pán Váhu a Tatier).
Венгерскі род Чак паходзіў з Эстэргамскага камітата і валодаў вялікімі ўладаннямі на тэрыторыі сучаснай Славакіі. У 1278 годзе Матуш Чак дапамог нямецкаму каралю Рудольфу I разграміць чэшскага караля Пржэмысла II Отакара ў бітве пры Дюрнкруце. У 1291 годзе Матуш узначаліў войска венгерскага караля Андраша III, якое разграміла на подступах да Браціславы Генрыха з Кёсега. У падзяку Матуш Чак атрымаў тытул Браціслаўскага жупана.
Пазней, пасля шэрагу спрэчак з Андрашам, Матуш перасяліўся ў Трэнчын, які з 1296 года быў цэнтрам яго ўладанняў. Андраш III паслаў супраць яго войска, але Матуш Чак паспяхова адбіў напад. Пасля смерці Андраша, Матуш пачаў падтрымліваць чэшскага караля Вацлава III і дапамог яму ў барацьбе супраць Карла Роберта. Аднак жа, у 1303 годзе Матуш Чак перайшоў на бок Карла Роберта. З 1304 года стаў весці цалкам самастойную палітыку, перастаўшы падтрымліваць і Карла Роберта. Пік феадальнай моцы Матуша Чака прыйшоўся на 1311—1312 гады, калі ён кантраляваў 14 камітатаў. З гэтага часу ён пачаў сябе весці як кароль, чым выклікаў незадаволенасць цэнтральнай улады. У 1312 годзе ўдзельнічаў у бітве пры Розганаўцах, непадалёк ад Кошыцаў, але яго войскі падышлі занадта позна, калі зыход бітвы ўжо быў вырашаны. У 1314 годзе Матуш напаў на Маравію і разбіў пры Голічы войскі чэшскага караля Яна Люксембургскага. Памёр 18 сакавіка 1321 года сваёй смерцю, не пакінуўшы спадчыннікаў (яго адзіны сын Матуш памёр у 1318 годзе).
Пра гістарычнае значэнне Матуша Чака гаворыць факт, што яшчэ ў XV стагоддзі заходнюю Славакію называлі «Матушавай зямлёй». Пазней Людэвіт Штур, Ёзэф Гурбан і іншыя славацкія будзіцелі часам рамантызавалі вобраз Матуша Чака як славацкага вяльможы і валадара адзінай Славакіі. Сам жа Матуш Чак нязменна падкрэсліваў сваю прыналежнасць да «Natio Hungarica».