wd wp Пошук:

Марына Іванаўна Цвятаева

Мары́на Іва́наўна Цвята́ева (руск.: Марина Ивановна Цветаева; 26 верасня (8 кастрычніка) 1892, Масква, Расійская імперыя — 31 жніўня 1941, Ялабуга, СССР) — вядомая руская паэтэса, празаік, перакладчыца.

Біяграфія

Нарадзілася ў сям’і прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, філолага і ўсходазнаўцы Івана Цвятаева. Маці, Марыя Мэйн была піяністкай. Дзіцячыя гады паэтэсы прайшлі ў Маскве і Тарусе (Калужская вобласць). Пісаць вершы Марына пачала ва ўзросце шасці гадоў. У 1906 яе маці памерла ад туберкулёзу, Марына разам з сястрой Анастасіяй засталіся пад апекай бацькі. Праз хваробу маці сям’я падоўгу жыла ў Італіі, Швейцарыі і Германіі. Пачатковую адукацыю Марына атрымала ў Маскве, пасля вучылася ў пансіёнах Лазаны (Швейцарыя) і Фрайбурга (Германія). У шаснаццаць гадоў пабывала ў Парыжы, каб праслухаць у Сарбоне кароткі курс лекцый па старафранцузскай літаратуры.

У 1910 годзе Марына за ўласныя грошы выдала свой першы зборнік вершаў «Вечаровы альбом» («Вечерний альбом») і ў тым жа годзе напісала свой першы крытычны артыкул «Чарадзейства ў вершах Брусава» («Волшебство в стихах Брюсова»). Праз два гады выйшаў наступны зборнік М. Цвятаевай — «Чароўны ліхтар» («Волшебный фонарь», 1912).

Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў. Пасля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасці гурткоў і студыяў пры выдавецтве «Мусагет». На раннія творы Цвятаевай паўплывалі Някрасаў, Брусаў і Валошын.

У 1911 годзе Марына Цвятаева пазнаёмілася з Сяргеем Эфронам і ў студзені 1912 году выйшла за яго замуж. У тым жа годзе ў іх нарадзілася дачка Арыядна (Аля).

У 1913 годзе выйшаў трэці зборнік вершаў М. Цвятаевай — «З дзвюх кніг» («Из двух книг»).

У 1914 годзе Цвятаева пазнаёмілася з паэткай і перакладчыцай Соф’яй Парнок; іх стасункі доўжыліся да 1916 году (калі яны разышліся і Марына вярнулася да мужа). Цвятаева прысвяціла Парнок цыкл вершаў «Сяброўка» («Подруга»).

У Цвятаевай і Эфрона ў 1917 годзе нарадзілася дачка Ірына, якая памерла ў прытулку ад голаду ва ўзросце трох гадоў. Гады Грамадзянскай вайны былі для паэткі вельмі цяжкімі. Сяргей Эфрон служыў у Белай арміі. У гэтыя гады з’явіўся цыкл вершаў «Лебядзіны стан», прасякнуты спачуваннем да белага руху.

У 1918-19 гадах М. Цвятаева піша рамантычныя п’есы, стварае паэмы «Ягорушка» («Егорушка»), «Цар-дзяўчына» («Царь-девица»), «На чырвоным кані» («На красном коне»).

У траўні 1922 Марыне Цвятаевай і яе дачцэ Арыядне дазволілі з’ехаць за мяжу — да мужа, які пасля разгрому Дзянікіна стаў студэнтам Пражскага ўніверсітэта. Спачатку М. Цвятаева з дачкой жылі ў Берліне, пасля тры гады ў прадмесцях Прагі. У Чэхіі напісаныя «Паэма Гары» і «Паэма Канца». У 1925, пасля нараджэння сына Георгія, сям’я перабралася ў Парыж, дзе Эфрона абвінавачваюць у тым, што ён завербаваны НКУС і ўдзельнічаў у змове супраць Льва Сядова, сына Льва Троцкага.

Большая частка створанага ў эміграцыі засталася нявыдадзенай. У 1928 годзе ў Парыжы пабачыў свет апошні прыжыццёвы зборнік вершаў «Пасля Расіі» («После России»), куды ўвайшлі вершы 1922-25 гадоў.

У адрозненне ад вершаў, якія не мелі ў эмігранцкім асяроддзі прызнання, проза М. Цвятаевай была папулярнай і заняла першае месца ў яе творчасці. У гэты час выдадзеныя «Дом ля Старога Пімена» (1934), «Маці і музыка» (1935), «Мой Пушкін» (1937), «Аповесць пра Сонечку» (1938), успаміны пра Валошына «Жывое пра жывое» (1933), пра Андрэя Белага «Палонны дух» («Пленный дух», 1934), пра Міхаіла Кузміна «Вецер з іншых мясцінаў» («Нездешний ветер», 1936).

З 1930-х гадоў Марына Цвятаева з сям’ёй жыве амаль у галечы. У 1937 Арыядна выехала ў Маскву, атрымаўшы магчымасць вярнуцца на радзіму. 10 кастрычніка таго ж году з Францыі збег Эфрон, які быў замешаны ў замоўленым палітычным забойстве. У 1939 годзе паэтка таксама вярнулася ў СССР. Па прыездзе жыла на лецішчы НКУС у Болшаве. 27 жніўня была арыштаваная Арыядна, 10 кастрычніка — Эфрон. У жніўні 1941 года Сяргея Эфрона расстралялі, Арыядна была рэабілітаваная ў 1955 годзе пасля пятнаццаці гадоў рэпрэсій.

У апошнія гады паэтка амаль не пісала вершаў і займалася перакладамі. Была ў эвакуацыі ў горадзе Ялабуга. Скончыла жыццё самагубствам.

Беларускія пераклады

Сярод перакладчыкаў Цвятаевай на беларускую мову — Пятро Макарэвіч, Андрэй Хадановіч, Валянціна Аколава[7], Лявон Баршчэўскі[8].

Зноскі

  1. Marina Tsvetaeva // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Marina Ivanovna Tsvetaeva // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 Цветаева Марина Ивановна // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. 1 2 3 Швейцер В. А. Цветаева М. И. // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1975. — Т. 8. — С. 377–378.
  5. Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  6. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  7. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
  8. Выбраная лірыка. Пераклад Лявона Баршчэўскага. — Мінск : Зміцер Колас, 2021. — 108 с. — («Паэты планеты»).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Рускамоўныя пісьменнікі XX стагоддзя
Катэгорыя·Пахаваныя ў Татарстане
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1941 годзе
Катэгорыя·Паэтэсы
Катэгорыя·Памерлі ў Татарстане
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Паэты СССР
Катэгорыя·Памерлі 31 жніўня
Катэгорыя·Рускамоўныя паэты
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 кастрычніка
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Маскве
Катэгорыя·Выпускнікі Парыжскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1892 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі СССР