Малы́я Сцябле́вічы[1] (трансліт.: Malyja Sciablievičy, руск.: Малые Стеблевичи) — вёска ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Ленінскага сельсавета.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Мікашэвічы — Слуцк. Планіровачна складаецца з дугападобнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, да якой на захадзе і ўсходзе далучаюцца завулкі. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з пачатку XIX ст., калі перасяленцы з вёскі Сцяблевічы заснавалі тут новае паселішча і назвалі яго Малыя Сцяблевічы. Пад такой назвай яно ўпамінаецца ў матэрыялах 1811 г. Паводле інвентара 1826 г. у складзе маёнтка Леніна (валоданне князя Л.П. Вітгенштэйна) у Ленінскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні, 7 двароў. У 1879 г. упамінаецца ў ліку сяленняў Ленінскага царкоўнага прыхода. Паводле перапісу 1897 г. 138 жыхароў. У 1908 г. 18 двароў. Паводле Рыжскага дагавора з 18 сакавіка 1921 г. у складзе Польшчы. З верасня 1939 г. у складзе БССР. У 1940 г. 60 двароў, 348 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну ў вёсцы часта базіраваліся партызаны. У лютым 1943 г. нямецкія акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 84 жыхары. 10 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 265 жыхароў, у складзе саўгаса «Ленінскі» (цэнтр – вёска Леніна).