Малы́я Зво́ды[1] (трансліт.: Malyja Zvody, руск.: Малые Зводы) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Лышчыцкага сельсавета. Размешчаны за 31 кіламетр на паўночны захад ад Брэста, 6 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Лышчыцы.
У 19 стагоддзі вёска ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. У 1861 годзе цэнтр маёнтка, які належаў пану Гутоўскаму. У гэтым жа годзе прыхаджанамі пабудавана праваслаўная драўляная царква, якую наведвалі 1478 чалавек з 6 вёсак. У 1886 годзе сяло ў Лышчыцкай воласці ва ўрочышчы Гашчэй, працавалі царкоўна-прыходская школа і карчма. У 1889 годзе працавала народнае вучылішча. У 1890 годзе ўладальнікам маёнтка быў Б.Гутоўскі.
У 1905 годзе сяло ў 243 жыхары і фальварак (18 жыхароў) у Лышчыцкай воласці.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора ў складзе Польшчы, Лышчыцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
У Вялікую Айчынную вайну загінулі на фронце 10 жыхароў, 3 — у партызанах.
З 1959 года цэнтр Баршчэўскага сельсавета, у 1972—1982 гадах цэнтр Малазводскага сельсавета. 4 верасня 1972 года ў склад вёскі ўвайшла вёска Вялікія Зводы[2]. 18 кастрычніка 1982 года сельсавет скасаваны, вёска перададзена ў склад Лышчыцкага сельсавета Брэсцкага раёна[3].