wd wp Пошук:

Леў Аляксандравіч Акіншэвіч

Леў Аляксандравіч Акіншэвіч (25 студзеня (6 лютага) 1898, Санкт-Пецярбург — 7 лістапада 1980, ЗША; Псеўданімы: Воронич Л. ; крыптонімы: Л.О., Л. О-ч., Leo A. Yaresh) — беларускі і ўкраінскі гісторык, мемуарыст, правазнавец.

Біяграфія

Бацька Л. Акіншэвіча быў ураджэнцам Беларусі, сынам сельскага святара ў Гомельскім павеце. Пасля заканчэння Адэскага універсітэта ён працаваў юрысконсультам Кіраўніцтва Паўночна-Заходніх чыгунак у Пецярбургу, дзе і нарадзіўся Леў. Бацька Льва быў этнічным беларусам, маці была чэшска-рускага паходжання. З-за яе стану здароўя сям’я пакінула Пецярбург і пераехала ў Кіеў.

У 1916 Леў скончыў элітную ўкраінскую сярэднюю навучальную ўстанову — калегію Паўла Галагана ў Кіеве. У 1916—1917 вучыўся на юрыдычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, быў сябрам Кантрольнай камісіі беларускай арганізацыі ў Кіеве. У 1917 мабілізаваны ў армію, накіраваны ў Кіеўскую ваенную школу. Служыў прапаршчыкам у Сімферопалі і на Румынскім фронце. У 1918 вярнуўся ў Кіеў, працягваў вучыцца ва ўніверсітэце, удзельнічаў у культурна-грамадскай рабоце беларускай дыяспары ва Украіне, прыняў грамадзянства БНР. З 1921 навуковы супрацоўнік Украінскай АН, спецыялізаваўся ў галіне беларускага, украінскага і польскага права, даследаваў гісторыю казацтва на Беларусі. Працаваў пад кіраўніцтвам акадэміка М. Васіленкі, пазней А. Грушэўскага, брата М. Грушэўскага. З 1923 сакратар Камісіі па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права. Падтрымліваў сувязі з навуковымі цэнтрамі і творчымі асяродкамі Беларусі. Супрацоўнічаў з Інбелкультам (пазней — БелАН), публікаваўся ў часопісе «Полымя» (з 1925), выступаў у беларускім друку з рэцэнзіямі і аглядамі ўкраінскіх выданняў, апублікаваў шэраг артыкулаў пра казацтва на Беларусі. У часопісах «Украіна», «Червоний шлях» друкаваў рэцэнзіі на працы беларускіх навукоўцаў. Свае даследаванні з гісторыі права на Беларусі і Украіне надрукаваў у «Працах Камісіі па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права», сакратаром якой з’яўляўся. У 1928 абараніў дысертацыю «Генеральная рада на Гетманшчыне», пазней выдадзеную манаграфіяй. Быў асабіста знаёмы з беларускімі навукоўцамі У. Пічэтам, Яз. Лёсікам, С. Некрашэвічам, В. Ластоўскім, Д. Даўгялам, В. Друшчыцам, Т. Забелам, пісьменнікамі Я. Коласам, Я. Купалам, Ц. Гартным.

У 1932 за адмову стаць сакрэтным супрацоўнікам НКУС звольнены з работы. Вясною 1933 (з пачаткам «чыстак») пераехаў у Нежын, дзе ўладкаваўся прафесарам Нежынскага педагагічнага інстытута. На пачатку 1934 абвінавачаны ў беларускім і ўкраінскім нацыяналізме і пасля кампаніі шальмавання пазбаўлены работы. Пазней уладкаваўся юрыстам на Балхашскім прамкамбінаце ў Казахстане.

Праз тры гады пераехаў з сям’ёю ў Смаленск. Там Л. Акіншэвіча заспела 2-я сусветная вайна. Мабілізаваны на фронт, трапіў у палон. Выбавіўшыся з палону, выкладаў у Кіеўскім універсітэце, пераехаў у Львоў. Пазней ва Украінскім вольным універсітэце ў Празе, затым у Мюнхене чытаў гісторыю ўкраінскага права, напісаў некалькі падручнікаў.

З 1949 у ЗША. Перабіваўся выпадковымі заробкамі, быў чорнарабочым. З 1951 да 1954 выкладаў у Калумбійскім універсітэце, працаваў у Даследчым цэнтры па вывучэнні СССР (Research Project on the USSR) у Вашынгтоне, пасля ў бібліятэцы Кангрэса ЗША (1954—69). Займаўся праблемамі нацыянальных меншасцей, даследаваў савецкую юрыдычную сістэму, гісторыю Беларусі і Украіны XVI—XVII ст. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, Украінскім навуковым таварыствам імя Т. Шаўчэнкі. Публікаваўся ў беларускіх і ўкраінскіх эмігранцкіх навуковых і перыядычных выданнях. Член Украінскай Вольнай Акадэміі навук, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША. Аўтар успамінаў (на ўкраінскай мове) «Пракляты стэп».

Творы

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мемуарысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 лютага
Катэгорыя·Выкладчыкі Кіеўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Катэгорыя·Выпускнікі Кіеўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1898 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Памерлі 7 лістапада
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» з безыменнымі параметрамі
Катэгорыя·Мемуарысты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Памерлі ў 1980 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў ЗША
Катэгорыя·Асобы