wd wp Пошук:

Ладдзя з Гродна

Ладдзя з Гродна — шахматная фігурка ладдзі (тура) XII стагоддзя, знойдзеная ў Гродне. Захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.

Гісторыя

Фігурка ладдзі была знойдзена ў 1932 г. на Старым замку ў Гродне пры раскопках пад кіраўніцтвам заснавальніка і дырэктара Гродзенскага музея Ю. Ядкоўскага. Падрабязнасці і пашпарт экспаната былі згублены падчас пераходу фондаў музея ва ўласнасць савецкай дзяржавы[1].

Крадзеж

У жніўні 2004 года фігурка была скрадзена. Ладдзя захоўвалася пад шклом у часовай экспазіцыі, таму сігналізацыя не была падключана. Наглядчыца ж назірала адразу за двума памяшканнямі музея. Злачынец змог адсунуць цяжкае шкло і выкраў шахматную фігурку, знікненне экспаната, магчыма, было заўважана не адразу[2]. Унікальная фігурка была выяўлена толькі ў 2008 годзе падчас здзелкі, у якой 21-гадовы гарадзенец спрабаваў прадаць экспанат за два мільёны беларускіх рублёў[1].

Апісанне

Фігурка выразана з нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі пражылкамі[3].

Фігурка мае выгляд невялікага рачнога судна з воінамі на носе і карме[4]. На носе фігурка ляжыць, сагнуўшы ногі ў каленях і гледзячы наперад, на карме знаходзіцца стырнік, які кіруе рухам судна. Даўжыня судна складае 5,5 см, шырыня ў бартах 1,5 см, вышыня ўсёй фігуры — 4,3 см. Ладдзя з аднолькава вострымі насамі замацавана на высокай ножцы з прамавугольнай падстаўкай, у якой маюцца круглыя адтуліны (адна вялікая скразная пасярэдзіне і па адной з кожнага боку)[5]. На бартах — круглыя адтуліны для вёслаў, але весляры не бачны: іх закрывае палуба[3]. З кожнага боку на бартах вісяць міндалепадобныя шчыты[5].

Бясспрэчна падабенства гродзенскай ладдзі з вядомым у XII ст. на Русі асобым тыпам судна, так званай насадай — суднам з надшытымі дошкамі бартамі і накрытым верхам[3], прыстасаваным для бою на вузкіх рэках[4]. Лаўрэнцеўскі летапіс так апісвае насаду: «…прыдумаў Ізяслаў лоддзі дзіўныя… бо ў іх весляры вяслуюць нябачна, толькі вёслы відаць, а людзей… не відаць,… Бо лоддзі накрыты дошкамі, зверху воі ў бронях і страляюць, а стырнавых два ёсць, адзін на карме, а другі на носе»[3]. Вельмі верагодна, што ладдзі-насады шырока выкарыстоўваліся і на тэрыторыі Панямоння[5].

Зноскі

  1. 1 2 Похищенную в Гродно шахматную фигуру пытались продать за два миллиона
  2. «…бе бо исхитрил лодье дивно» Архівавана 24 чэрвеня 2021.
  3. 1 2 3 4 Станіслаў Цярохін. ШАХМАТЫ ДАЛЁКІХ ПРОДКАЎ
  4. 1 2 Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.
  5. 1 2 3 Гродзенская ладдзя(недаступная спасылка)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей
Катэгорыя·Стары замак (Гродна)
Катэгорыя·Шахматныя фігуры Беларусі
Катэгорыя·Выкрадзеныя творы мастацтва
Катэгорыя·Гісторыя Гродна
Катэгорыя·З’явіліся ў XII стагоддзі