wd wp Пошук:

Лабрыс

Лабрыс на французскай манеце часоў рэжыму Вішы (1943 г.)

Лабрыс (стар.-грэч.: λάβρυς) — двухбаковая сякера.

Двухбаковыя сякеры шырока ўжываюцца пераважна лесарубамі. Аднак яны вядомы і як халодная зброя. Ужо на старажытным Блізкім Усходзе, Малой Азіі і на Балканскім паўвостраве лабрыс з’яўляўся сакральным сімвалам і меў рытуальнае значэнне.

Лабрысы і іх выявы знойдзены пры археалагічных даследаваннях палацаў мінойскай цывілізацыі. Цырыманіяльны або папросту сімвалічны характар выкарыстання такіх сякер вызначаўся вялікімі памерамі. Артур Джон Эванс і яго паслядоўнікі тлумачылі мінойскі лабрыс як сімвал вялікай багіні-маці, якая на іх думку шанавалася мясцовым насельніцтвам. У наш час сама тэорыя існавання такога культу сярод мінойцаў аспрэчваецца. Тым не менш, лабрыс часцяком працягваюць атаясамляць з жаночым сімвалам. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што мінойскі лабрыс спарадзіў слова “лабірынт” (спярша яно азначала крыцкі палац, дзе жыў пачварны людаед Мінатаўр). Рытуальнымі лабрысамі на Крыце карысталіся і ў пазнейшыя часы.

У класічнай Старажытнай Грэцыі лабрыс лічыўся адным з атрыбутаў культу Зеўса з Карыі. Фракійскія валадары выкарыстоўвалі яго як сімвал сваёй улады.

З XX стагоддзя сімвалічнае ўжыванне лабрысу стала значна больш шырэйшым. Ім карысталіся грэчаскія і французскія нацыяналісты (паводле сярэднявечнага міфу, франкі паходзілі ад траянцаў). Як сімвал жаночай улады лабрыс прысутнічае на атрыбутах прадстаўніц лесбійскіх фемінісцкіх рухаў. Лабрыс надзвычай папулярны сярод неапаганцаў.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Сімвалы
Катэгорыя·Дрэўкавая зброя