wd wp Пошук:

Клімент Охрыдскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Клімент.

Клімент Охрыдскі (ст.-слав: Климєнтъ Охрїдьскъ, грэч.: Κλήμης Αχρίδας; каля 830 — 27 ліпеня 916) — балгарскі і агульнаславянскі асветнік, святы, жыў у горадзе Охрыд у Першым Балгарскім царстве (цяпер на тэрыторыі Паўночнай Македоніі). Клімент, адзін з вучняў Св. Кірыла і Мяфодзія, у Балгарыі і Паўночнай Македоніі пачыіаецца сярод святых «сямілічбеннікаў», да якіх адносяць святых Кірыла і Мефодыя і іх вучняў — Саву, Гаразда, Ангеларыя, Клімента, і Навума. У гонар «сямілічбеннікаў» у Балгарыі асвечаны шматлікія храмы.

Жыццяапісанне

Паходзіў з населенай славянамі тэрыторыі Македоніі. Разам са сваімі настаўнікамі ўдзельнічаў у місіях да хазараў і ў Вялікую Маравію. Пасля смерці св. Мяфодзія і выгнання Сватаплукам яго паслядоўнікаў, адыходзіць разам з астатнімі вучнямі з Вялікай Маравіі на кароткі час у Бялград да балгарскага васала князя Радзіслава, які іх праз некаторы час з іншымі вучнямі Кірыла і Мяфодзія (напр., св. Навумам) адсылае ў тагачасную балгарскую сталіцу Пліску, дзе яны стварылі слаўную Плісацка-прэслаўскую кніжную школу. У хуткім часе балгарскі ўладар паслаў Клімента ў Македонію распаўсюджваць славянскую літургію і падараваў яму палацы ў Дэвалі (Албанія) і Охрыдзе (цяпер Паўночная Македонія). Тут Св. Клімент заснаваў кніжную школу і ў 893 годзе быў прызначаны епіскапам.

Сваю літаратурную дзейнасць Клімент распачаў неўзабаве пасля смерці св. Кірыла (Канстанціна), паміж 870 і 880 гадамі, калі было напісана «Жыццё Канстанцінава». Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што гэты арыгінальны твор старажытнай літаратуры стварыў менавіта Св. Клімент, не без дапамогі Св. Мяфодзія. Неўзабаве пасля смерці Мяфодзія было складзена і «Жыццё Мяфодзія», чыім аўтарам верагодна таксама з’яўляецца Клімент.

Акрамя гэтага Кліменту належыць аўтарства шэрага тэкстаў на хрысціянскія святы, якія ўхваляюць апосталаў, мучанікаў, прарокаў і святых, словы пра Багародзіцу, Яна Хрысціцеля. У сярэдневяковым сачыненні охрыдскага архіепіскапа Дзмітрыя Хамаціяна згадваецца, што святы Клімент навучыў на «четмо и писмо» больш за 3000 вучняў. Ён вучыў балгарскіх дзяцей не толькі пісьму і чытанню, але таксама і матэматыцы, астраноміі і агародніцтву. Многія навукоўцы прытрымліваюцца меркавання, што заснаваную Кліментам Охрыдскую школу можна параўнаць па свайму значэнню з Магнаўрскай школай у Канстантынопалі.

Паводле сучасных меркаванняў навукоўцаў, менавіта Св. Клімент Охрыдскі стварыў кірылічную азбуку, таму што для навучэнцаў Охрыдскай літаратурнай школы глаголіца, створаная Кірылам і Мяфодзіем, была занадта складанай.

Згодна з сярэдневяковымі летапісамі святы быў пахаваны ў заснаваным ім манастыры ў Охрыдзе. Падчас турэцкага рабства царква была разбурана і труну перанеслі ў кафедральны сабор «Святая Багародзіца Перывлептас», дзе да XVII стагоддзя знаходзілася кафедра Охрыдскай балгарскай архіепіскапіі. Потым яна была ліквідавана і далучана да Іпекскай сербскай архіепіскапіі. Яго астанкі доўгі час захоўваліся там, а цяпер — у адноўленай царкве «Святы Клімент», на гары Плаошнік у Охрыдзе, дзе ён быў першапачаткова пахаваны. Галава святога захоўваецца ў манастырэ св. Іаана Прадцечы каля грэчаскага горада Верыя, а частка парэшткаў была перадана ў Храм святых сямілічбенікаў (у Сафіі).

Ушанаванне памяці

У Балгарыі і Паўночнай Македоніі ў гонар святога названы шматлікія школы, вуліцы і дзяржаўныя ўстановы. Самая вялікая царква ў Скоп’е носіць імя святога Клімента. У гонар Клімента Охрыдскага названы Сафійскі дзяржаўны ўніверсітэт, а таксама бліжэйшая да яго станцыя метро. Таксама імем святога названа балгарская антарктычная станцыя «Святы Клімент Охрыдскі» Выява Клімента Охрыдскага была размешчана на балгарскай паштовай марцы 1990 года.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118563092 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці Охрыда
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 840 годзе
Катэгорыя·Святыя Балгарыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Візантыйскай імперыі
Катэгорыя·Праваслаўныя святыя
Катэгорыя·Сярэдневяковыя балгарскія пісьменнікі
Катэгорыя·Роўнаапостальныя
Катэгорыя·Хрысціянскія святыя X стагоддзя
Катэгорыя·Святыя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў Паўночнай Македоніі
Катэгорыя·Вынаходнікі сістэм пісьма
Катэгорыя·Памерлі 27 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў 916 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных