wd wp Пошук:

Кляштар Райхенау

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Райхенау (значэнні). Кляштар Райхенау (ням.: Kloster Reichenau) — бенедыкцінскі кляштар на востраве Райхенау на Бодэнскім возеры. Разам з Санкт-Галенскім абацтвам і кляштаром у Фульдзе належыць да найбольш значных помнікаў эпохі Каралінгаў у Германіі. У кляштары знаходзяцца цэрквы св. Марыі і Марка, св. Пятра і Паўла і св. Георгія, пабудаваныя ў IX—XI стст. У кляштары захаваўся насценны роспіс, якая лічыцца самым старым у Германіі.

Кляштар уключаны ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2000 г.

Заснаваны ў 724 г. біскупам св. Пірмінам у пераважна паганскай на той перыяд часу Алеманіі. Па легендзе св. Пірмін, прыбыўшы на востраў Райхенау, выгнаў з яго вадзяных змей. Там, дзе на востраў ступіла яго нага, забіла крыніца.

Першы росквіт кляштара прыпадае на VIII—IX стст. — перыяд хрысціянізацыі Алеманіі. Пры абаце Хейтоне кляштар усталяваў сувязі з Візантыяй, у ім вывучалі грэчаскую мову. Паводле «Кнігі пабрацімаў» кляштара Райхенау ў 870-я гг. у ім спыняўся апостал славян святы Мяфодзій, выгнаны сваімі праціўнікамі з Маравіі ў Швабію, а таксама яго грэчаскія місіянеры-спадарожнікі. Хутчэй за ўсё іменна ў Райхенау быў складзены «Баварскі географ» (традыцыйная назва па месцы пазнейшага захоўвання ў Мюнхене) — каталог этнонімаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе згадваецца Русь (Ruzzi) і шэраг невядомых па іншых крыніцах славянскіх і балтыйскіх плямён. Абатам кляштара Райхенау ў 40-х гг. IX у. быў Валафрыд Страбон.

Майстар райхенаускай школы. Евангеліярый караля Атона III. Эпізод: Уладар на троне. Каля 1000 г. Баварская дзяржаўная бібліятэка. Мюнхен

Другі культурны росквіт Райхенау адносіцца да часу Атонаўскага Адраджэння. Дзякуючы заступніцтву Атонаў I і II атрымала вядомасць школа кніжнай мініяцюры кляштара Райхенау. У XI стагоддзі ў кляштары жыў і працаваў вядомы сярэдневяковы вучоны і тэарэтык музыкі Герман з Райхенау.

Кляштар быў секулярызаваны ў 1803 г. З 2001 г. на востраве пасялілася невялікая група манахаў-бенедыкцінцаў.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Бадэн-Вюртэмберг
Катэгорыя·З’явіліся ў 724 годзе
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта
Катэгорыя·Манастыры паводле алфавіта
Катэгорыя·Бенедыкцінскія кляштары Германіі
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Германіі