wd wp Пошук:

Кашары

Забудова на рагу Кашарскай і Вясёлай. Адсюль пачынаецца прадмесце Кашары

Каша́ры, Каша́рскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы горада, з трох бакоў атачоная ракой Свіслаччу.

На паўднёвым захадзе ад Кашараў месціцца Ляхаўка, на поўначы — цэнтральнае Новае Места, на ўсходзе — Архірэйская Слабодка, на паўднёвым ўсходзе — Стромкі Бераг, на поўдні — прадмесце Тры Карчмы[1][2].

Гісторыя

Заводы Якабсона і Ліфшыца ў Кашарах і Добрых Мыслях

Актыўнае засяленне гэтай мясцовасці пачалося ў канцы XVIII — пачатку XIX стст. адразу пасля заснавання Новага Места. Першымі пабудовамі былі старыя кашары (казармы) мінскага гарнізона — адсюль пайшла і назва прадмесця[3].

У пачатку XX ст. прадмесце ўваходзіла ў першую паліцэйскую частку горада і ўключала Кашарскую плошчу, Вакольную вуліцу, а таксама часткова Кашарскую (цяпер Чырвонаармейская), Паліцэйскую Набярэжную (Янкі Купалы) і Ніжняляхаўскую (Ульянаўская) вуліцы[1][4][5].

На Кашарскай плошчы (цяпер у межах завода імя Кірава) праводзілася муштраванне войскаў, спартыўныя гульні, скачкі на конях, цыркавыя мерапрыествы. Плошча вылучалася антысанітарыяй і адсутнасцю добраўпарадкавання[6]. Улетку 1913 года на ёй прайшоў першы ў Мінску футбольны матч, у якім гімназісты горада выйгралі ў службоўцаў з лікам 3:0[7].

30 мая 1925 года ў Кашарскім прадмесці адкрыўся іпадром імя Будзёнага (цяпер на яго месцы парк і гатэль Пекін). 15 мая 1934 года на Менскім іпадроме прайшлі вялікія спаборніцтвы, на якіх прысутнічаў сам Сямён Будзённы. 16 ліпеня 1944 года ў вызваленым горадзе на тэрыторыі іпадрома адбыўся мітынг. У ім удзельнічалі месцічы, партызаны, дэлегацыі ваяроў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3–м Беларускім фронтам Іванам Чарняхоўскім. На мітынгу выступіў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка. Затым адбыўся гістарычны партызанскі парад з колькасцю ўдзельнікаў звыш 30 тысяч. Падзея транслявалася па радыё, здымалася на кінастужку. У 19451946 гадах на тэрыторыі іпадрома прайшлі адкрытыя судовыя працэсы над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі[8].

Кашары на мяжы з Ляхаўскай Слабадой, адноўленае капішча, 2020 г.

На беразе Свіслачы, на мяжы з Ляхаўскай Слабадой (у раёне цяперашняга рэстарана «Старое рэчышча») некалі размяшчалася старажытнае паганскае капішча, якое, паводле звестак этнографаў, дзейнічала ажно да пачатку XX ст. Культавы камень «Дзед», альбо «Старац», цяпер захоўваецца ў мінскім Музеі валуноў, а тэрыторыя самога капішча ў 1994 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[9].

Сучаснасць

У наш час тапонім Кашары ніяк не пазначаны на карце Мінска. Пра існаванне колішняга прадмесця ўскосна напамінае цяперашні Казарменны завулак (гістарычны Кашарскі).

Старыя адрасы

Завод на Кашарах, да 1941 г.

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 227
  4. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку XX стст.
  5. План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  6. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 110
  7. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 200
  8. Александр Ванкович. Ход конем(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия, 02.08.2008
  9. Татьяна Костич. Мінское капище — памятник языческой культуры Архівавана 20 верасня 2008. // Каштоўнасці мінуўшчыны. Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Мінска, 1998
  10. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Гістарычныя раёны Мінска