wd wp Пошук:

Качканос

Качканос (Ornithorhynchus anatinus) — вадаплаўнае млекакормячае атрада аднапраходных, жыве ў Аўстраліі. Гэта адзіны сучасны прадстаўнік сямейства качканосавых (Ornithorhynchidae); разам з яхіднамі ўтварае атрад аднапраходных (Monotremata) жывёл, па шэрагу прыкмет блізкіх да рэптыліяў. Вядзе паўводны спосаб жыцця.

Апісанне

Даўжыня цела 30-45 см, хваста 10-15 см. Маса дарослых ад 0,5 да 2 кг. Самцы, як правіла, буйнейшыя за самак.

Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Тулава сплошчанае, пакрыта кароткім і вельмі густым футрам. Добра развіты пух дазваляе пры ныранні затрымліваць у валасяным покрыве вялікую колькасць бурбалак паветра і забяспечвае цеплавую абарону для тулава.

Будова чэрапа.

Галава заканчваецца плоскай «дзюбай» даўжынёй каля 6,5 см — пашыранай пярэдняй часткай чэрапа, пакрытай мяккай адчувальнай скурай, якая густа пранізваецца нервовымі валокнамі, на канцы знаходзяцца ноздры. Вушныя ракавіны адсутнічаюць. Маленькія вочы і размешчаныя побач з імі вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Вочы з мігальнай перапонкай.

Хвост шырокі, пляскаты, дастаткова магутны. Канечнасці кароткія, з 5 пальцамі, якія нясуць доўгія кіпцюры, звязаныя суцэльнай плавальнай перапонкай. На задніх нагах маецца шпора, у якую адчыняецца пратока ядавітай залозы. Асабліва магутнае развіццё шпоры характэрна для дарослых самцоў.

Маладыя качканосы маюць па тры маленькія зубы на кожнай сківіцы, якія хутка сціраюцца. У дарослых замест зубоў развіваецца тарка з папярочных рагавых пласцін. У пярэдняй частцы дзюбы гэтыя пласціны маюць выгляд вострых грабянёў, у задняй — плоскіх. Рагавыя пласціны ўвесь час сціраюцца, але ізноў абнаўляюцца.

У карыатыпе 54 храмасомы.

Пашырэнне

Пашыраны ва Усходняй Аўстраліі і на востраве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да вышыні 2000 м. Насельнік рэк, азёр і апрэсненых лагун. Аптымальным біятопам з’яўляюцца горныя ручаі.

Качканос на рацэ ў штаце Квінсленд.

Некалі актыўна знішчаўся з-за даволі каштоўнага футра, зараз дзякуючы прынятым урадам Аўстраліі мерам качканос аднавіў сваю колькасць, звычайны ў некаторых частках арэала. Ахоўваецца.

Выдатны аб’ект для ўтрымання ў заапарках.

Асаблівасці біялогіі

Вялікую частку часу праводзіць у вадзе, выдатна плавае і нырае. Звычайна знаходзіцца пад вадой каля хвіліны, аднак пры небяспецы можа пратрымацца да 5 хвілін. Жыве адзіночна ці парамі. У сезон размнажэння качканос займае пэўны ўчастак вадаёма і абараняе тэрыторыю ад уварвання іншых асобін. У якасці сховішчаў выкарыстоўвае норы, якія рые ў берагах вадаёмаў. Вядома два тыпы нор. Першы — гэта адносна простая нара, якая служыць сховішчам для звяркоў абодвух палоў на працягу года; звычайна яе рые самец. Іншы тып нор робіцца самкай для вырошчвання дзіцянят. Гэтая нара мае гнездавую камеру з гняздом з лісця і ход даўжынёй да 18 метраў. Уваход у нару адкрываецца пад вадой.

Корміцца ​​ў вадзе. Зрок развіты даволі слаба. Будова дзюбы дазваляе качканосу выкарыстоўваць яго для выяўлення невялікіх жывых аб’ектаў. Любая жывая істота ўтварае вакол сябе слабое электрамагнітнае поле за кошт электрычнай актыўнасці нервовых клетак. Гэта поле і выяўляе качканос. Ныраючы, качканос плыве каля дна і адшуквае ежу, паднімаючы пры гэтым цэлае воблака часцінак грунту. Перажоўвае ежу з дапамогай рагавых пласцін. Аснову рацыёну складаюць лічынкі водных казурак, чарвякі, дробная рыба, ракападобныя, малюскі, апалонікі. Па назіраннях у няволі, качканос з’ядае ў суткі колькасць ежы, блізкую да ўласнай масы жывёлы.

Актыўнасць прыпадае на раннія ранішнія і познія вячэрнія гадзіны. Раней лічылі, што ў зімовы перыяд (з траўня па верасень) качканос упадае ў спячку, аднак больш дэталёвыя даследаванні паказалі, што яны актыўныя круглы год і плаваюць нават у вельмі халоднай вадзе зімой, адказваючы на ​​холад толькі зніжэннем вагі.

Шлюбны перыяд доўжыцца з ліпеня па верасень. Спароўванне адбываецца ў вадзе і суправаджаецца спецыфічнымі шлюбнымі паводзінамі. Падчас гону самка будуе гняздо, вільготны подсціл якога папярэджвае высыханне яец. Праз два тыдні пасля апладнення самка адкладае 1-3 (часцей за ўсё 2) яйцы круглявай формы, памерам з яйка вераб’я. Сумка ў качканоса адсутнічае. Самка наседжвае кладку, скруціўшыся вакол яец. На час наседжвання самка качканоса затыкае ўваход у гняздо земляным коркам. Калі яна адлучаецца з гнязда, то вымае корак, але затым вяртае яе на месца.

Маладыя вылупляюцца прыкладна на 10-ы дзень, іх даўжыня ў сярэднім 25 мм, яны сляпыя, голыя. Маці вы­корм­лівае дзіцянят малаком, якое вы­цякае праз рас­шыраныя по­ры на жываце і назапашваецца ў спецыяльных складках. Толькі праз 4 месяцы, дасягнуўшы памеру 33 см, маладыя качканосы ўпершыню выходзяць з нары. Полавая спеласць наступае ва ўзросце аднаго года.

Працягласць жыцця каля 10 гадоў. У няволі адзін качканос пражыў 17 гадоў.

Небяспека

Яд, які знаходзіцца ў шпорах качканоса, можа выклікаць у чалавека моцны боль і ацёкі, аднак смяротных выпадкаў сярод людзей не зарэгістравана. Ёсць звесткі, што часам пры паляванні на качканосаў гінуць сабакі.

У культуры

Гэта ўнікальная жывёла з’яўляецца адным з сімвалаў Аўстраліі; яна намаляваная на рэверсе аўстралійскай манеты ў 20 цэнтаў.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1799 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Эндэмікі Аўстраліі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Сысуны Аўстраліі
Катэгорыя·Аднапраходныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта