Каці́чаў[1] (трансліт.: Kacičaŭ, руск.: Катичев) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Камарынскага сельсавета.
У 54 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 10 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 172 км ад Гомеля.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, да якой на поўдні далучаецца завулак. Забудова няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя. У 1811 годзе згадана як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, валоданне Ракіцкіх. У 1850 годзе валоданне абшарніка Празора. Паводле перапісу 1897 года вёска Карлаў-Кацічаў. У 1908 годзе ў Ёлчанскай воласці.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Кацічаўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная кветка», працавалі конны млын і гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 23 жыхара вёскі. У памяць пра загінулых у 1979 годзе ў цэнтры вёскі ўсталяваны абеліск. У 1959 годзе ў складзе саўгаса «Краснае» (цэнтр — вёска Краснае).