wd wp Пошук:

Капёры

Хайрадзін-паша Барбароса, турэцкі капёр грэчаскага паходжання, XVI ст.

Капёры (гал. kapers) - прыватныя асобы або караблі, якія атрымоўвалі дазвол пэўнай дзяржавы на напад на яе праціўніка.

Гісторыя

Звычай дазволу прыватным асобам удзельнічаць у вайне з мэтай здабычы спажывы практыкаваўся ў еўрапейскіх краінах з часоў сярэднявечча, але меў вельмі абмежаваны характар.

Актыўнае выкарыстанне капёраў у якасці дадатковай ваеннай сілы на моры, пачалося ў XVI ст. пад час вайны паміж Англіяй і Іспаніяй. Англійская карона, флот якой быў значна слабейшы за іспанскі, выдавала прыватным асобам пісьмовыя дазволы на напад на іспанскія судны і ўмацаванні. Капёры не падпарадкоўваліся агульнаму камандаванню, а іх рэйды супраць праціўніка часцей за ўсё былі звычайным пірацтвам.

Найбольш вядомы англійскі капёр таго часу Фрэнсіс Дрэйк атрымаў пісьмовы дазвол каралевы Елізаветы ў 1571 г. На све грошы ён падрыхтаваў два добра ўзброенныя караблі, на якіх у 1572 г. зрабіў некалькі нападаў на карыбскае ўзбярэжжа Панамы. У выніку, з 73 членаў экіпажаў у Англію вярнулася толькі 30, але яны захапілі 7 тон срэбра. Прыклад Дрэйка быў настолькі захапляльным, што ў Англіі пачалі ўзнікаць прыватныя акцыянерныя таварыствы, якія рыхтавалі караблі для нападаў на іспанцаў. Ф. Дрэйк падрыхтаваў яшчэ 5 караблёў, прычым каралева ўнесла ў яго прадпрыемства свой асабісты пай - 400 фунтаў. 13 снежня 1577 г. яны пакінулі Плімут. Дрэйк здзейсніў кругасветнае плаванне, якое цягнулася да 1580 г. і прынесла акцыянерам 139 фунтаў чыстага прыбытку на кожны ўкладзены фунт. Каралева атрымала 80 тыс. фунтаў, у тым ліку карону, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, якую Дрэйк паднёс як падарунак. У лісце да іспанскага караля Філіпа яна тлумачыла, што рабаўніцтва ў Новым Свеце вядзецца не ёю, а яе падданымі на іх страх і рызыку. У 1588 г. капёры ўдзельнічалі разам з каралеўскім флотам у разгроме Непераможнай Армады.

Прыватныя дазволы на напады на хрысціянскія краіны у XVI ст. таксама выдавала Асманская імперыя піратам Паўночнай Афрыкі. Іх рэйды часцей скончваліся захопам рабоў і дасягалі на поўначы ўзбярэжжа Ісландыі. Паслугамі дацкіх піратаў карыстаўся Іван IV пад час вайны са Швецыяй і Польшчай. Пры Жыгімонце Аўгусце ў Польшчы дзейнічала спецыяльная камісія, якая выдавала падобныя дазволы. Большасць капёраў, якія іх атрымоўвалі, былі выхадцы з Гданьска. Але пры Стэфане Баторыі польскімі патэнтамі таксама актыўна карысталіся і іншаземцы.

У XVII - XVIII стст. капёрства атрымала асабліва шырокі размах. Некаторы час стаўку на капёраў рабіла Францыя, што ўзбагаціла французскіх карсараў, аднак, не прынесла асаблівага плёну для развіцця каралеўскага флоту. У кан. XVIII - пач. XIX ст. патэнты на капёрскую дзейнасць супраць Вялікабрытаніі давалі ЗША. Пад час Грамадзянскай вайны ў ЗША патэнты для нападу на караблі паўночных штатаў выдавалі Канфедэратыўныя Штаты Амерыкі.

16 красавіка 1856 г. Парыжская дэкларацыя павагі да марскога права забараніла капёрства і ўрэгулявала дзейнасць ваюючых бакоў на моры.

Эфектыўнасць

Першапачаткова практыка выдачы дазволаў капёрам тлумачылася слабасцю дзяржаўнага флоту. Легальнае пірацтва часцяком ператваралася ў выгоднае прадпрыемства з пункту гледжання атрымання прыбыткаў і ўзбагачала не столькі тых, хто прымаў удзел у капёрскіх акцыях, колькі прыватных асоб, якія знаходзіліся на беразе і ўкладалі ў падрыхтоўку караблёў свае грошы.

Ужо ў XVIII ст. праціўнікі гэтай практыкі паведамлялі, што рэйды капёраў накіраваны пераважна супраць гандлёвага флоту і мірных паселішчаў, а не супраць ваенных караблёў, таму не вырашаюць ніякіх істотных задач у самой вайне. Стаўка на капёрства магла весці да скарачэння выдаткаў на ваенныя патрэбы на моры і ў выніку не спрыяла развіццю дзяржаўнага флота. Многія капёры працягвалі займацца пірацтвам пасля заканчэння дазволу і нават нападалі на караблі сваёй краіны.

Даследаванні дзейнасці амерыканскіх капёраў паказалі, што большасць з іх займалася звычайным гандлем і рэдка нападала на караблі праціўніка.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Ваенная гісторыя
Катэгорыя·Злачыннасць