«Зімою» — паэма Янкі Купалы, напісаная 1 лютага 1906 года і ўпершыню апублікаваная ў часопісе «Беларусь» 10 студзеня 1920 года.
Паэма належыць да ранняй творчасці аўтара і расказвае пра жыццёвыя дарогі і лёс тыповага беларускага селяніна. На думку Алега Лойкі, у паэме «ўжываюцца характэрныя для польскага, так званага школьнага, рамантызму вобразы прывідаў-страхаў, надаючы твору ў цэлым, асабліва канцоўцы, рамантычна-баладны характар»[1].
У аснове твора — трагічны выпадак: сялянская дзяўчына Гануля ў панскім двары, куды пайшла «на службу для хлеба куска», сярод парабкаў напаткала сумленнага і прыгожага хлопца Цімоха. Але неўзабаве іх каханне абарвалася: Цімоха пагналі ў салдаты, а Ганна з дзіцём на руках аказалася лішняй на службе. У завірушную калядную ноч, прытуліўшы малое да грудзей, яна вяртаецца да бацькоў, але, збіўшыся з дарогі, зняможаная, разам з дзіцём замярзае.[2]
Паэма перакладалася на рускую (М. Камісарава, С. Родаў), туркменскую (А. Ніязаў) і ўкраінскую (І. Муратаў) мовы. Ілюстравалі паэму Я. Раманоўскі і В. Шаранговіч.[2]