wd wp Пошук:

Кракадзілы

Кракадзілы (Crocodylia) — атрад паўзуноў падхласа архазаўраў.

Апісанне

Цела яшчарыцападобнае, даўжыня 1,2 — 7 м. Галава прадаўгаватая, чэрап з дзвюма парамі скроневых дуг. Вочы на верхнім баку галавы, зрэнкі маюць выгляд вертыкальнай шчыліны. Кішэнепадобнае вонкавае вуха абаронена рухомымі клапанам. Ноздры на пярэднім канцы пысы. Канцавіны адносна кароткія; на пярэдніх — па 5 пальцаў, на больш доўгіх задніх — па 4 пальцы; паміж пальцамі задніх ног — плавальныя перапонкі. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў, актыўна выкарыстоўваецца ў руху.

Пазванкі ўвагнутыя спераду і выпуклыя ззаду. Акрамя звязаных з пазванкамі спінных рэбраў з кручкаватымі адросткамі маюцца абасобленыя брушныя рэбры паміж грудзінай і тазавым поясам. У плечавым поясе адсутнічае ключыца. Найбольш высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, буйныя канічныя зубы замацаваны ў асобных ячэйках па краях сківіц. ­­Мясісты язык па ўсёй даўжыні прырастае да дна ротавай поласці. Лёгкія складанай ячэістай будовы. У галаўным мозгу добра развіты мазжачок.

Пашырэнне

Выдзяляюць 3 сучасныя сямействы (алігатаравыя: 4 роды, 8 відаў; гавіялавыя: 1 род, 1 від; сапраўдныя кракадзілы: 3 роды, 14 відаў).

Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. Большасць кракадзілаў прэснаводныя. Некаторыя віды добра пераносяць саланаватую ваду, сустракаюцца ў рачных эстуарыях і лагунах. Толькі грабянёвы кракадзіл заплывае далёка ў адкрытае мора.

У некаторых краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. Большасць відаў знаходзяцца ў Чырвонай кнізе МСАП.

Асаблівасці біялогіі

Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іннш раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы.

Размнажаюцца яйцамі (20-100 шт.). Жывуць да 100 гадоў.

Паходжанне

Вядомы з сярэдняга трыяса. Кракадзілы засялялі сушу разам з дыназаўрамі ў канцы юрскага перыяду.

Аргенцінскія і чылійскія палеантолагі знайшлі від, які можна разглядаць як продка кракадзілаў, што жывуць цяпер. Ён жыў 148 мільёнаў год таму. У дарослым узросце быў усяго 70 сантыметраў у даўжыню і меў затвор у раёне вуха, для таго каб паглыбляцца ў ваду. Частка чэрапа, пазваночнік і ніжнія канечнасці былі выяўленыя на поўдні Чылі, на вышыні 1500 метраў над узроўнем мора[1].

Значэнне для чалавека

Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін.

Гл. таксама

Зноскі

  1. ctys.com.ar

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Кракадзілы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Атрады паўзуноў