wd wp Пошук:

Губкі

Губкі (Porifera, Spongia) — тып беспазваночных жывёл. Апісана каля 8000 відаў, якія належаць да 3-4 класаў. Вывучаюцца навукай спангіялогіяй.

Пашырэнне

Гэта старажытная група жывёл, вядомая з дакембрыя, найбольш размножыліся ў мезазоі. Распаўсюджаныя шырока: ад прыбярэжнай зоны да глыбіні 8500 м. Хоць пераважная большасць губак жыве ў морах, прэснаводныя прадстаўнікі (напрыклад, бадзягі) сустракаюцца ва ўнутраных водах усіх мацерыкоў акрамя Антарктыды. Найбольш разнастайныя і шматлікія на марскім шэльфе.

Асаблівасці біялогіі

Губкі адносяцца да найбольш прымітыўных мнагаклеткавых арганізмаў, не маюць дыферэнцыраваных тканак і адасобленых органаў. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Маюць шкілетныя ўтварэнні ў выглядзе вапнавых, крэмнезямных іголак (спікул) або валокнаў бялку спангіна.

Пачкуючыся, губкі ўтвараюць калоніі. Адзіночныя губкі маюць вышыню ад некалькіх міліметраў да 3 сантыметраў, калоніі — да 1,5 м.

Цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцм прымацоўваецца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, цераз якія паступае вада з прадуктамі жыўлення.

Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі і інш. Здабываюць ежу спосабам фільтрацыі. Вада, што трапляе ў арганізм цераз поры, затым праходзіць па сістэме высланых жгуцікавымі клеткамі каналаў, і з гэтага патока губка здабывае харчовыя часцінкі, памеры якіх звычайна вар’іруюць ад 50 да 1 мкм, але могуць быць і меншыя.

Бясполае размнажэння адбываецца шляхам фрагментацыі, пачкавання, утварэння зімуючых гемул, якія нагадваюць споры. Абсалютная большасць губак — гермафрадыты. Выкідваюць вонкі сперматазоіды, якія пераносяцца токамі вады да іншай губкі, унутры якой адбываецца апладненне яец. Зіготы могуць выводзіцца ў знешняе асяроддзе, але многім губкам уласціва жыванараджэнне. Выхад лічынак стымулюецца святлом і звычайна адбываецца на досвітку. Праз некалькі гадзін ці дзён лічынкі асядаюць і пачынаюць поўзаць па дне ў пошуках месца для прымацавання. Прымацаваная лічынка праходзіць метамарфоз і ператвараецца ў маладую губку.

Выкарыстанне

Прымяняюцца ў медыцыне. Грэчаская губка выкарыстоўваецца як туалетная.

Зноскі

  1. Тып Губкі у Сусветным рэестры марскіх відаў (World Register of Marine Species) (англ.)  (Праверана 31 кастрычніка 2011)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Губкі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Тыпы жывёл
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара