Жалонь (укр.: Жолонь) — рака на Украіне і ў Гомельскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Прыпяць (басейн Дняпра).
Даўжыня 113 км. Плошча вадазбору 1460 км². Сярэдні сцёк з вадазбору каля 4,8 м³/с. Агульнае падзенне ракі 113,4 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 ‰.
Пачынаецца каля вёскі Пясчанае Оўруцкага раёна Жытомірскай вобласці на паўночна-ўсходніх схілах Оўруцкага кража, цячэ па Жытомірскім Палессі (12,8 км), далей 33,8 км па мяжы з Беларуссю, 10,9 км зноў па Жытомірскай вобласці, у нізоўі па Ельскім і Нараўлянскім раёнах. Упадае ў старарэчча на пойме Прыпяці за 1,2 км на поўнач ад вёскі Вяпры Нараўлянскага раёна.
Даліна невыразная, схілы спадзістыя, вышынёю 2—5 м. Пойма двухбаковая, роўная, забалочаная, парэзаная густой сеткай меліярацыйных каналаў; шырыня яе ў верхнім цячэнні 10—30 м, на астатнім працягу 100—300 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, таму раку нярэдка называюць Мухаедаўскім каналам[2].
Каналамі Свячанскі (рака да адгалінавання ад яе гэтага канала называецца Верхняя Жалонь), Антонаўскі і ракой Гразіва Жалонь злучаная ў 1961 годзе з ракой Славечна. Сцёк па злучальных каналах і Жалоні рэгулюцца шлюзамі.
Вадазбор рэчкі на Оўруцкім кражы і Мазырскім Палессі. Грунты пераважна пясчаныя. Лясы, большай часткай мяшаныя, пашыраны па ўсім вадазбоы.
Жыўленне ракі мяшанае. Замярзае са снежня да сакавіка.
На правабярэжнай тэрасе ракі каля вёскі Ражава і вёскі Беласарока археалагічныя помнікі — мезалітычнага і неалітычнага паселішчаў. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.