wd wp Пошук:

Жаба травяная

Жаба травяная (Rana temporaria) — земнаводнае сямейства сапраўдных жаб.

Апісанне

Даўжыня цела 5-8 см, іншы раз да 9 см, маса 10-45 г. Морда круглаватая, тупая. Афарбоўка спіны вельмі зменлівая: светла-аліўкавая, светла-бурая або амаль чорная. Брушка заўсёды плямістае, з характэрным мармуровым малюнкам на жаўтаватым фоне. Характэрны полімарфізм малюнка спіны. Адрозніваецца светлай паласой уздоўж сярэдзіны спіны. Лічынка-апалонік мае цёмна-карычневую або амаль чорную афарбоўку.

Распаўсюджанне

Арэал травяной жабы ахоплівае амаль усю Еўропу (ад Пірэнеяў да Урала, акрамя паўднёвых раёнаў Апенін, Балкан, Крыма, Каўказа); на поўначы ён даходзіць да ўзбярэжжа Баранцава і Белага мораў, а таксама Палярнага Урала, на поўдні — да сярэдняга цячэння Днястра, Дняпра, Дона і Волгі. Даволі шырокі арэал гэтага віду тлумачыцца яго значнай экалагічнай пластычнасцю, аднак травяная жаба пазбягае адкрытых стэпавых прастораў.

Экалогія

Травяная жаба аддае перавагу вільготным лясам і менш — адкрытым прасторам. Найбольшай актыўнасцю травяная жаба вызначаецца ў вячэрні час, хоць дастаткова актыўная і днём. Многае тут залежыць ад вільготнасці і тэмпературы прыземнага слоя паветра: травяныя жабы асабліва любяць «пагуляць» днём пасля цёплага дажджу, калі выпаўзае шмат дажджавых чарвякоў. Пры пахаладанні жабы хаваюцца ва ўкрыцці і сядзяць, высунуўшы галаву. Плошча індывідуальнага або паляўнічага ўчастка травяной жабы ад 450 да 5000 м². У пошуках корму і больш вільготных месцаў многія асобіны іншы раз мігрыруюць на значныя адлегласці.

Корміцца пераважна наземнымі жукамі, двухкрылымі, лічынкамі насякомых, малюскамі. Шмат травяных жаб паядаюць вужы і гадзюкі, за імі палююць птушкі, і звяры.

Травяная жаба належыць да тых земнаводных, якія зімуюць у вадзе. Травяныя жабы першымі з’яўляюцца вясной, перыяд зімоўкі залежыць ад умоў надвор’я і можа рэзка вагацца па гадах.

Праз 2-4 дні пасля выхаду з зімовак пачынаецца спароўванне, прычым не толькі ў вадаёмах размнажэння, але і па дарозе да іх (нават на сушы). Звычайна жаба часцей выбірае для размнажэння зарослыя вадаёмы глыбінёй 10-20 см.

Нераст пачынаецца пры тэмпературы вады ў дзённы час не ніжэй як 9-10 °C. Для травяной жабы характэрны скучаны нераст. Звычайна ў кожным асобным вадаёме ікра адкладваецца ўсімі самкамі ў адно месца.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Звычайныя жабы
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе