wd wp Пошук:

Жаба азёрная

Жаба азёрная (Pelophylax ridibundus ці Rana ridibunda) — земнаводнае сямейства сапраўдных жаб.

Апісанне

Даўжыня цела 6-13 см, маса да 200 г. Цела падоўжанае, морда авальная, крыху завостраная. Зверху цела афарбавана ў буравата-зялёны колер розных адценняў з цёмнымі плямамі. Уздоўж галавы і хрыбта ў большасці асобін (да 90 %), якія пашыраны ў Беларусі, праходзіць светлая паласа рознай ступені выразнасці. Ніжняя частка цела афарбавана ў брудна-белы або злёгку жаўтаваты колер, у большасці выпадкаў са шматлікімі цёмнымі, часам чорнымі плямамі. Вочы ярка-залацістага колеру. Лічынка-апалонік, светла-аліўкавай афарбоўкі, грушападобнай формы.

Гэта самы буйны від сярод земнаводных Палеарктыкі. Трапляюцца гіганты даўжынёй да 17 см. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў.

Распаўсюджанне

Азёрная жаба распаўсюджана ў Паўднёвай і Сярэдняй Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Паўночнай Афрыцы. Ва Усходняй Еўропе пашырана да 60° пн.ш., трапляецца ў Крыме, на Каўказе, у Казахстане і Сярэдняй Азіі, на ўсходзе да возера Балхаш. У Беларусі мазаічна пашырана па ўсёй тэрыторыі.

Экалогія

Афарбоўка спіны дапамагае азёрнай жабе заставацца незаўважанай сярод прыбярэжнай і воднай расліннасці. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічае і светлая выразная паласа, якая нібы расчляняе цела і парушае суцэльнае ўспрыманне яго абрысу. У вадзе гэта паласа вельмі падобная на сцёблы водных раслін, якія ярка зелянеюць на цёмным фоне дна.

Жыве азёрная жаба ў пастаянных, дастаткова глыбокіх (не менш за 20 см) вадаёмах. Часцей за ўсё гэта старыцы, азёры, сажалкі, равы, але нярэдка яе можна сустрэць і ўздоўж берагоў рэк. Актыўная амаль круглыя суткі. У выпадках небяспекі азёрная жаба звычайна хаваецца ў вадзе. Палюе яна пераважна на сушы, уздоўж берагоў вадаёмаў, тут яе часцей за ўсё можна сустрэць у самы цёплы час сутак — з 12 да 17 гадзін. Як і ўсе жабы, азёрная корміцца рознымі насякомымі: лічынкамі стракоз, воднымі жукамі і іх лічынкамі, малюскамі. Калі ж наземнага корму недастаткова, азёрныя жабы ў вялікай колькасці паядаюць апалонікаў свайго віду, яны нават здольныя карміцца маляўкамі рыб. Але ў прыродных вадаёмах роля рыбы ў кармленні азёрных жаб мінімальная. Часта здабычай азёрнай жабы становяцца і маладыя жабяняты як свайго, так і іншых відаў. У адрозненне ад іншых земнаводных гэта буйная жаба часам нападае на дробных млекакормячых (палёвак, землярыек), дробных птушак, птушанят, маладых змей (часцей вужанят). Азёрная жаба сама бывае ахвярай драпежных рыб і рэптылій, нярэдка становіцца здабычай многіх відаў птушак і млекакормячых. Зімуюць азёрныя жабы звычайна ў тых жа вадаёмах, дзе жывуць у цёплы перыяд года, аднак часам мігрыруюць у больш глыбокія месцы, дзе ёсць крыніцы. Адыходзяць на зімоўку, калі тэмпература вады зніжаецца да 8-10 °C. У незамярзаючых вадаёмах з цёплай вадой жабы бываюць актыўныя амаль усю зіму.

Для азёрнай жабы характэрна класічнае кваканне. У самцоў у шлюбны перыяд у час спеваў у ротавых кутках надзімаюцца шэрыя шарыкі — рэзанатары, якія служаць для ўзмацнення гуку. Цікава, што відавая навуковая назва Rana ridibunda у перакладзе з лацінскай на беларускую мову азначае «рагатуха». Першую спробу голасу самцы азёрнай жабы робяць, калі вада днём праграецца да 14-16 °C. Спароўванне і нераставанне пачынаецца толькі ў той час, калі вада праграецца мінімум да 16 °C. Нераставанне пачынаецца ў найбольш нагрэтых і абароненых ад ветру месцах вадаёмаў. Перыяд размнажэння займае не менш як 30-35 дзён. Большасць асобін выбірае для размнажэння даволі глыбокія вадаёмы, якія зараслі раслінамі.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы, дзе адсутнічае перанакіраванне з лацінскай назвы таксона
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Звычайныя жабы
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1771 годзе