Дур-Шарукін (акад. Крэпасць Саргана) — сталіца Асірыі ў апошнія гады кіравання Саргана II. Горад будаваўся па яго праекце ў перыяд з 713 па 707 гады да н.э. Аднак з прычыны раптоўнай гібелі цара ў бітве будаўніцтва было спынена, і сталіца была перанесена ў Ніневію. У канцы VII стагоддзя да н.э. горад быў разбураны войскамі Мідыі. Цяпер тут размешчана паселішча Харсабад (поўнач сучаснага Ірака), дзе дагэтуль пражываюць асірыйцы.[1][2]
Сарган II быў царом Асірыі ў 722—705 гады да н.э. У 717 годзе ён загадвае пачаць будаўніцтва новай рэзідэнцыі для яго ў месцы зліцця рэк Тыгр і Вялікі Заб. У асірыйскіх запісах таго часу паказана, што матэрыялы, такія як драўніна, а таксама рабочая сіла былі прыцягнуты з далёкай Фінікіі. У наваколлях горада былі пасаджаны сады аліўкавага дрэва з мэтай павелічэння вытворчасці масла. Да 706 года да н.э. будаўнічыя працы спыніліся. У наступным годзе Сарган памёр у баі. Яго сын Сінахерыб адмовіўся ад ідэі працягнуць будаўніцтва і перанёс сталіцу назад у Ніневію. Пасля падзення Асірыйскай імперыі недабудаваны горад быў разбураны.[3]
Дур-Шарукін меў прамавугольную планіроўку з бакамі ў 1760 і 1635 метраў, плошчай у 3 кв.км ці 700 акраў. Працягласць сцен была роўная 16 280 адзінкам асірыйскай меры даўжыні, што адпавядала лічбаваму значэнню імя Сарган. Масіўныя сцены горада ахоўваліся 157 вартавымі вежамі. Унутр гарады вялі сем брам з розных канцоў. У цэнтры знаходзіўся царскі палац, побач — храмы, прысвечаныя такім багам, як Набу, Шамаш, Сін, і драбнейшыя — Ададу, Нінгалу, Нінурце. Таксама меўся зікурат вышынёй 42 метра[2], горад упрыгожвалі рэльефныя сцены і розныя скульптуры. У прыватнасці брамы «ахоўвалі» крылатыя быкі шэду, вага якіх даходзіць да 40 тон. Да горада прылягалі царскі паляўнічы парк і сад. З захаванай перапіскі вядома, што сюды былі дастаўлены тысячы маладых фруктовых дрэў, айвы, міндаля, яблыні і мушмулы.[4]
Упершыню пра гэта месца згадвае французскі генконсул у Масуле Поль-Эміль Бата ў 1842 годзе. Ён меркаваў, што тут размяшчалася біблейская Ніневія. Раскопкі пад яго кіраўніцтвам праводзіліся ў 1842—1844 гадах.[5] Віктар Плэйс працягнуў археалагічныя працы ў 1852—1855 гадах.[6]
Значная частка знаходак французаў была страчана падчас двух інцыдэнтаў пры транспартаванні ракой. У 1853 годзе Плэйс паспрабаваў перавезці дзве 30-тонныя статуі і іншыя матэрыялы ў Парыж, аднак піраты, якія напалі на экспедыцыю, затапілі транспартныя судны. У 1855 годзе Плэйс і Оперт паспрабавалі перавезці больш за 200 скрынь са знаходкамі з Дур-Шарукіна і Німруда, але ўся гэта калекцыя была згублена.[7] Тое, што ўдалося даставіць у Парыж, цяпер захоўваецца ў залах Луўра.
У 1928—1935 гадах у Харсабадзе праводзілі раскопкі амерыканскія археолагі з Усходазнаўчага інстытута Чыкага. За троннай залай імі быў выяўлены вялікі шэду вагай 40 тон. Статуя з вялікімі зяжкасцямі была дастаўлена ў Чыкага. Наступныя раскопкі праходзілі ў палацы і храмавым комплексе.[8] [9] [10] [11]
У 1957 годзе да даследавання горада прыняліся археолагі Іракскага дэпартамента антычнасці пад кіраўніцтвам Фуада Сафара. Імі быў выяўлены храм Сібіты.[12]
Паводле паведамленняў мясцовых жыхароў, 8 сакавіка 2015 года баявікі «ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта» разрабавалі і часткова знішчылі руіны горада[13].
Дур-Шарукін на Вікісховішчы |