Дрозд-спявун, пеўчы дрозд, дрозд-пявун[1] (Turdus philomelos) — невялікая пеўчая птушка з сямейства драздовых, жыве ў Еўропе, Малой Азіі і Сібіры.
Даўжыня яго цела — 210—250 мм, крыла — 113—122 мм, размах крылаў — 340—390 мм, маса — 55-100 г. Верх галавы, спіны і хваста шакаладна-карычневы, шараваты. Жывот белы, крыху вохрысты па баках. Грудзі жаўтлявыя, як і жывот з выразнымі цёмна бурымі стракацінамі. Падкрылле рудаватае. Палавы і сезонны дымарфізм адсутнічае. Маладыя пафарбаваны больш страката і цьмяна.
Песня дразда складаецца з свіставых флейтавых гукаў, якія паўтараюцца.
Арэал: Еўропа, Сібір да воз. Байкал і р. Лены, Малая Азія і Каўказ, поўнач Iрана. Iнтрадуцыраваны ў Аўстраліі і Новай Зеландыi. Арэал характарызуе дразда-спявуна як паўночную птушку. Ён актыўна засяляе паўночныя вобласці Скандынаўскага паўвострава, і шматлікі ва Усходнееўрапейскай лесатундры, пранікаючы нават у тундру. Дрозд-спявун актыўна рассяляліся на ўсход. Але ён адсутнічае ў Паўднёвай Еўропе, на астравах Міжземнага мора, хоць там прысутнічаюць прыдатныя для драздоў-спявуноў біятопы.
Пералётны, на поўдні арэала аселы. Месца зімовак: у Паўднёвай i Заходняй Еўропе, у Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе.
Біятоп: розныя тыпы дрэвастояў з падростам i адкрытымi месцамi як у лicцевых, так i хваёвых лясах, часцей краi вялікіх лясоў і непадалёку ад палян і высечак, кусты i дрэвы побач з лугамi, асаблiва бярозы, букi, дубы, якiя даюць цень i вiльгаць, у апошнiя гады займае дробныя ўчасткi лесапасадак у сельскагаспадарчых, прамысловых i урбанiзаваных ландшафтах, кусты каля чыгункi i ўздоўж дарог, могiлкi, паркі, нават у цэнтры гарадоў. У Цэнтральнай Еўропе гняздзiцца да вышыні 2200 м, у Фенаскандыi — да 1000 м над у.м. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Корміцца насякомымі, малюскамі, ягадамі.
Гняздо ладзіць у развілцы галінак або непадалёку ад ствала (на маладых дрэвах), часам у развілцы ніжніх галін высокіх ядлоўцаў, а таксама ў лiянах, на сценах, у ярах або на зямлi сярод густой раслiннасцi. Яно двухслойнае, як і ў іншых драздоў. Знешняя частка са сцёблаў сухой травы, лісця, моху і лішайнікаў (спарадычна з прымессю сухіх галінак у аснове). Унутраная частка з парахні, без высцілкі. Дыяметр 10-18 см.
Яйкі (звычайна 4-5, часам 2-7) пераважна з даволі завостраным вузейшым канцом, светла-блакітныя; з чорнымі або цёмна-бардовымі плямкамі або без iх. Памеры: 27 х 20 мм.