wd wp Пошук:

Дманісійскі гамінід

Дманісійскі гамінід — вымерлая форма гамінідаў, чые рэшткі знойдзеныя на тэрыторыі Грузіі. Раней быў вядомы як Homo georgicus.

Апісанне

Дманісійскія гамініды вымерлі ў працэсе эвалюцыі. Раней гэтым знаходкам надавалі відавы статус (Homo georgicus — «Чалавек грузінскі»), аднак пазней стала пераважаць меркаванне аб тым, што дманісійскія гамініды з’яўляліся лакальнай разнавіднасцю Homo erectus (Homo erectus georgicus)[1] або пераходнай формай паміж H. habilis і H. ergaster[2]. Каменныя прылады дманісійскага чалавека даволі прымітыўныя, толькі трохі дасканалейшыя за алдувайскія прылады чалавека ўмелага (H. habilis).

Выяўленне рэшткаў. Магчымая гісторыя

Першыя рэшткі дманісійскіх гамінідаў былі выяўленыя ў 1991 годзе ў Дманісі[3] і датуюцца прыблізна 1 млн. 770 тысячаў гадоў таму[4]. Узрост пацвярджаецца як стратыграфічнымі і палеамагнетычнымі даследаваннямі, так і вывучэннем навакольнай выкапнёвай фауны. Такім чынам, дманісійскія гамініды — самыя старажытныя з вядомых прадстаўнікі роду Homo, што жылі на тэрыторыі па-за межамі Афрыкі. Вывучэнне знойдзеных у Грузіі рэшткаў старажытных гамінідаў паказала, што некалі невялікая колькасць магчымых папярэднікаў чалавека сучаснага тыпу, верагодна, мігравалі з Афрыкі на Каўказ, дзе потым яны альбо вымерлі, альбо (згодна з адной з тэорый[5]) маглі эвалюцыянаваць у Homo erectus. У другім выпадку, яны маглі б вярнуцца назад у Афрыку[6], дзе і пачалася іх далейшая эвалюцыя да Homo sapiens, які пасля распаўсюдзіўся з Афрыкі па ўсім свеце.

Апісанне знаходкі

Давід Лардкіпанідзэ, які ўзначальваў археалагічныя даследаванні ў Дманісі, і яго калегі апісалі чатыры чэрапы, мозг уладальнікаў якіх прыблізна ўдвая саступаў па сваіх памерах (546—780 см³[7]) мозгу сучаснага чалавека. Знаходкі ў Дманісі з 1991 года па 2007 гады ўяўляюць сабой часткі шкілета падлетка і трох дарослых (цяпер знойдзены яшчэ адзін, пяты чэрап, пакуль не апісаны ў навуковых артыкулах). Адметны чэрап мужчыны без зубоў, у якім амаль усе зубныя лункі зараслі касцяным рэчывам. Дакладна вызначыць узрост памерлага мужчыны цяжка, але, на думку Лардкіпанідзэ, «яму магло быць гадоў сорак, а тое, што косткі прараслі ў поласць зубных лунак, азначае, што ён пражыў яшчэ некалькі гадоў пасля таго, як выпалі зубы». Магчыма, аб ім клапаціліся яго супляменнікі, кажа Лардкіпанідзэ, што дазволіла выжыць чалавеку, які не мог жаваць ежу. Калі археолаг мае рацыю, то старажытныя людзі маглі адчуваць пачуццё, падобнае на спачуванне, — нечаканая якасць для тых, хто знаходзіўся на гэткай ранняй стадыі эвалюцыі[8]. Нешта падобнае можна знайсці, толькі ў неандэртальцаў, якія жылі ў Еўропе падчас ледавіковага перыяду. На думку антраполага Філіпа Райтмаера, члена дманісійскай даследчай групы, гэта можа быць прыкметай пераходу да больш высокага ўзроўню дачыненняў, якая прадугледжвае здольнасць планаваць свае дзеянні і дзяліцца ежай з іншымі.

На падставе аналізу знаходак мяркуецца, што рост дманісійскіх гамінідаў быў 145—166 см, вага 40-50 кг[4].

Мяркуючы па прапорцыях і форме костак, ногі ў прадстаўнікоў дманісійскіх гамінідаў нагадвалі ногі Homo sapiens, не лічачы шэрагу асобных прымітыўных рыс. Ногі былі амаль такія ж доўгія, як у Homo erectus і сучасных людзей, і прыкметна даўжэй, чым у аўстралапітэкаў. Відаць, дманісійскія гамініды выдатна бегалі і маглі праходзіць пешшу вялікія адлегласці. Пра гэта ж сведчыць і будова пазванкоў. Рукі ў іх, аднак, былі хутчэй такія як у аўстралапітэкаў, што асабліва прыкметна ў будове плечавага сустава (па гэтай прыкмеце дманісійскія гамініды нагадваюць таксама «хобітаў» з вострава Флорэс). Па каэфіцыенту энцэфалізацыі дманісійскія гамініды бліжэйшыя да хабілісаў, чым да эрэктусаў. Па будове пазваночніка яны, наадварот, бліжэйшыя да апошніх. Нязначная розніца ў памерах мужчынскіх і жаночых асобін таксама набліжае ўладальнікаў знойдзеных рэшткаў да Homo erectus і іншых пазнейшых продкаў Homo sapiens.

Ніжнія сківіцы дманісійцаў, у адрозненне ад чэрапаў, даволі падобных адзін на аднаго, вельмі разнастайныя, асабліва вылучаецца буйным памерам сківіца D2600[9].

Пяты чэрап з Дманісі D4500 быў знойдзены ў жніўні 2005 года. На графіку шматмернага аналізу чэрап D4500 размяшчаецца прыкметна бліжэй да «загадкавага чэрапа» KNM-ER 1805 з Коабі Фора і паўднёваафрыканскага грацыльнага аўстралапітэка Sts 5  са Стэркфантэйна, чым да Homo ergaster[10].

Па памерах чэрапа эагамініны з Дманісі знаходзяцца паміж Homo habilis і Homo ergaster, у найбольшай ступені адпавядаючы Homo rudolfensis (KNM-ER 1470)[11].

Гл. таксама

Зноскі

  1. в Грузии нашли Homo erectus
  2. Вопросы теории эволюции — Homo georgicus(недаступная спасылка)
  3. Gabunia L. & Vekua A. A. Plio-Pleisstocene hominid from Dmanisi, East Georgia, Caucasus. Nature 373, 509—512 (1995)
  4. 1 2 Lordkipanidze D., Jashashvili T., Vekua A., Ponce de León M. S., Zollikofer C. P. E., Rightmire G. P., Pontzer H., Ferring R., Oms O., Tappen M., Bukhsianidze M., Agusti J., Kahlke R., Kiladze G., Martinez-Navarro B., Mouskhelishvili A., Nioradze M. & Rook L. Postkranial evidence from early Homo from Dmanisi, Georgia. Nature 449, 305—310 (20 September 2007)
  5. Un cráneo para unirnos a todos
  6. Все люди вышли из одного черепа?
  7. Дманиси / Dmanisi
  8. Дманиси 3444 + 3900 Анторпогенез.ру
  9. Кроманьонец — это старенький питекантроп? Магия нижних челюстей Дманиси
  10. Пятый череп из Дманиси: новое лицо ранних Homo
  11. Странные Homo Грузии: Homo georgicus

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Антрапагенез
Катэгорыя·Продкі чалавека
Катэгорыя·Артыкулы без перанакіравання з поля wikispecies