Дзіна Ільінічна Рубіна (руск.: Дина Ильи́нична Ру́бина; 19 верасня 1953, Ташкент) — руская пісьменніца, рэдактар, кінасцэнарыст.
Нарадзілася 19 верасня 1953 года ў Ташкенце ў сям’і мастака Ільі Давідавіча Рубіна (родам з Харкава) і настаўніцы гісторыі Рыты Аляксандраўны Рубінай (народжанай Жукоўскай, родам з Палтавы). Маці эвакуіравалася ў Ташкент ў сямнаццацігадовым узросце падчас Вялікай Айчыннай вайны, бацька пасяліўся ў бацькоў у Ташкенце, вярнуўшыся з фронту пасля дэмабілізацыі. Дзіну Рубіну назвалі ў гонар Дзіны Дурбін — амерыканскай кінаактрысы, зоркі Галівуда 1940-х гадоў[4].
Скончыла спецыялізаваную музычную школу імя В. А. Успенскага пры ташкенцкай кансерваторыі. Уражанні ад школы ўвайшлі ў зборнік аповесцей і апавяданняў «Урокі музыкі».
У 1977 годзе Рубіна скончыла Ташкенцкую кансерваторыю, выкладала ў Інстытуце культуры ў Ташкенце. З Ташкентам 1940-х — 1960-х гадоў цесна звязаны сюжэт і жыццё герояў яе рамана «На сонечным баку вуліцы»
Першыя юнацкія творы Дзіны Рубінай былі апублікаваны на старонках часопіса «Юность». Першае апавяданне сямнаццацігадовай пісьменніцы, надрукаванае ў часопісе, называлася «Неспакойная натура» і было апублікавана ў 1971 годзе ў раздзеле «Зялёны партфель» часопіса «Юность». Літаратурную вядомасць Рубінай прынесла публікацыя ў 1977 годзе аповесці «Калі ж пойдзе снег?..». У ёй дзяўчынка сустракае сваю любоў напярэдадні смяротна небяспечнай аперацыі. Па гэтым творы быў зняты фільм, пастаўлены тэле- і радыёспектакль, напісана п’еса, якая шмат гадоў ішла на сцэне Маскоўскага ТЮГа. У тым жа годзе, ва ўзросце 24 гадоў, яна стала членам Саюза пісьменнікаў УзССР — на той момант самым маладым у краіне членам падобных арганізацый[5]. У 1979 годзе стала членам Саюза пісьменнікаў СССР.
На здымках фільма «Наш ўнук працуе ў міліцыі» паводле аповесці «Заўтра, як звычайна» пісьменніца пазнаёмілася са сваім другім мужам, і з’ехала з ім у Маскву. Фільм атрымаўся няўдалым, але пасля яго Дзіна Рубіна напісала адзін з лепшых сваіх твораў «Камера наязджае». У Маскве пісьменніца жыла і працавала да ад’езду ў канцы 1990 года на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль.
Пасля пераезду ў Ізраіль працавала літаратурным рэдактарам у штотыднёвым літаратурным дадатку «Пятница» да рускамоўнай газеце «Наша страна». У гэтыя гады творы Рубінай пачынаюць публікаваць расійскія часопісы «Новый мирт», «Знамя», «Дружба народов».
У 2001—2003 гадах працавала ў Маскве кіраўніком культурных праграм Яўрэйскага агенцтва (Сахнут).
Доўгі час Дзіна Рубіна жыла ў горадзе Маале-Адумім, які апісаны ў некаторых яе творах. У цяперашні час пражывае ў горадзе Мевасэрет-Цыён.
Рубіна стала аўтарам трох варыянтаў «татальнай дыктоўкі», якая прайшла ў 2013 годзе. У 2014 годзе прыняла ўдзел у тэатралізаваных анлайн-чытаннях «Карэніна. Жывое выданне»[6].