wd wp Пошук:

Дзяржава Хулагуідаў

Дзяржава Хулагуідаў — прынятае ў айчынным усходазнаўстве абазначэнне дзяржавы, якая была заснавана чынгізідам Хулагу і кіравалася яго нашчадкамі; у заходняй гістарыяграфіі абазначаецца як Ilkhanate, Il-Khanate.[2][3] Самавольна створаная Хулагу падчас заваявальнага паходу (12561260), дзяржава была прызнана ў 1261 годзе ханам Мангольскай імперыі Хубілаем, якія даў Хулагу тытул ільхан («хан племя», у значэнні ўлусны хан[4]). Да ўзыходжання на прастол Газана (12951304) Хулагуіды прызнавалі намінальную залежнасць ад вялікага хана (імператара Юань).

Дзяржава, якая знаходзілася да 1290-х гадоў у цяжкім эканамічным стане, прадоўжыла сваё існаванне дзякуючы рэформам Газан-хана, праведзеным яго міністрам Рашыд ад-Дзінам, але толькі да 1335 года. Пасля смерці ільхана Абу Саіда 30 лістапада 1335 года бяссільныя ільханы ўзводзіліся на прастол толькі для надання законнасці ўладзе новых дынастый, Чабанідаў і Джалаірыдаў.

Тэрыторыя

Дзяржава Хулагуідаў уключала Іран, Аран, Шырван, Азербайджан, большую частку Афганістана, Ірак, Курдыстан, Джэзірэ (Верхняя Месапатамія) і ўсходнюю частку Малой Азіі (да р. Кызыл-Ірмак). Васаламі і даннікамі Хулагуідаў былі Грузія, Трапезундская імперыя, Канійскі султанат, Кілікійская Арменія, Кіпрскае каралеўства[5], дзяржава куртаў у Гераце; сталіцамі былі паслядоўна Мерагэ, Тэбрыз, Салтаніе, затым ізноў Тэбрыз.

Перадгісторыя

Гл. таксама: Мангольскае заваяванне Сярэдняй Азіі Упершыню мангольскія войскі з’явіліся на тэрыторыях, якія пазней увайшлі ў хулагуідскую дзяржаву, у 1220—1221 гадах. Атрады Субэдэя і Джэбэ, якія пераследвалі харэзмшаха Мухамеда, разрабавалі многія персідскія гарады, у прыватнасці Казвін, Хамадан, Ардэбіль і Марагу. Тэбрыз, будучая сталіца ільханаў, пазбегла спусташэння, двойчы выплаціўшы кантрыбуцыю. Апошні харэзмшах Джэлал ад-Дзін, замацаваўшыся ў Заходнім Іране, у 1227 годзе дасягнуў адноснага поспеху ў бітвах з мангольскімі войскамі, але ў выніку пацярпеў паражэнне і загінуў у 1231 годзе. Харасан быў заваяваны войскамі Талуя ў 1221 годзе. Мерв і Нішапур былі спустошаны, жыхары Герата скарыліся і атрымалі літасць. У 1231—1239 гадах наён Чармаган заваяваў Аран, Шырван, Картлі і Арменію. Хазараспіды Лурыстана, Салгурыды Фарса і Кутлугшахі Кермана выплацілі кантрыбуцыю і прызналі вярхоўную ўладу хана Угэдэя.

Гісторыя

Паход Хулагу і стварэнне дзяржавы

Асноўны артыкул: Блізкаўсходні паход манголаў Да пачатку 1250-х мангольскім намеснікам у Іране не падпарадкоўваліся толькі ісмаіліты-нізарыты ў горах Эльбурса і Кухістане і халіфы-абасіды ў Іраку Арабскім і Хузестане. Мункэ, які прыйшоў да ўлады ў 1251 годзе, прыняў рашэнне давяршыць заваяванне рэгіёна, для чаго быў арганізаваны агульнаімперскі паход на чале з Хулагу, малодшым братам хана. Да 1257 года была ўзята большасць ісмаіліцкіх крэпасцей, уключаючы Аламут і Меймундзіз; у 1258 г. захоплены Багдад, апошні халіф быў пакараны смерцю; у пачатку 1260 года манголы, якія ўварваліся ў Сірыю, занялі Дамаск і Халеб. Паражэнні ад мамлюкаў пры Айн-Джалуце і Хомсе спынілі мангольскі наступ, і Сірыя на дзесяцігоддзі стала лініяй фронту войнаў мамлюкаў і Хулагуідаў.

Паводле Рашыд ад-Дзіна, Мункэ першапачаткова планаваў перадаць іранскія землі ў асабісты ўдзел Хулагу. Аднак Рашыд як прыдворны гісторык ільханаў мог быць тэндэнцыйным і паведамляць звесткі, якія б легітымізавалі ўладу сваіх заступнікаў. І. П. Петрушэўскі лічыць, што Хулагу самавольна стварыў новы ўлус, а Хубілай пазней (1261) прызнаў ужо фактычна незалежную дзяржаву. Ільханы, хоць і прызнавалі намінальную залежнасць ад вялікага хана, карысталіся поўнай самастойнасцю ў знешняй і ўнутранай палітыцы.

Кіраванне

Кіруючая дынастыя

Асноўны артыкул: Хулагуіды Вярхоўная ўлада ў дзяржаве належала ільхану, які перадаваў асобныя вобласці і гарады ў якасці ўдзелаў царэвічам, наёнам і эмірам. Ільхан са сваёй стаўкай (арду), захоўваючы вернасцт качавым традыцыям, частку года праводзіў на летніх і зімовых пашах, частку — у Багдадзе і Тэбрызе. У выпадку вайны ільхан нярэдка браў на сябе камандаванне палявой арміяй.

Выканаўчая ўлада

Асноўным дзяржаўным інстытутам, як гістарычна склалася ў Мангольскай імперыі, з’яўлялася армія. Пры гэтым сістэма кіравання ільханства ўяўляла сабой камбінацыю прышлых цюркска-мангольскіх і мясцовых іранскіх элементаў. Вялікая колькасць мусульманскіх чыноўнікаў, галоўным чынам персідскамоўных, паступіла на службу да заваёўнікаў, напрыклад, сям’я Джувейні.

Ваеннымі сіламі кіраваў старэйшы эмір (амір-і ўлус — «улусны эмір» ці амір аль-умара — «эмір над эмірамі»). Грамадзянскае кіраванне было арганізавана ў відзе сістэмы дыванаў. Цэнтральнае ведамства — вялікі, ці найвышэйшы дыван — узначальваў візір (сахіб-дыван), які адказваў за фінансы (дзяржаўныя даходы і расходы, казну, падаткі), справаводства, кіраўнічыя кадры, а таксама рамесныя майстэрні (карханэ).

Зноскі

  1. Jonathan M. Adams, Thomas D. Hall and Peter Turchin (2006). “East-West Orientation of Historical Empires” (PDF). Journal of World-Systems Research (University of Connecticut). 12 (no. 2): 219–229.
  2. Danilenko, Nadja (2020). “In Persian, Please! The Translations of al-Iṣṭakhrī’s Book of Routes and Realms”. Picturing the Islamicate World: The Story of al-Iṣṭakhrī’s Book of Routes and Realms. Brill. p. 101.  Арыгінальны тэкст (англ.)   

Connecting to īrān as illustrated in the Shāhnāma*, “land of Iran” rose to the official name for the Ilkhanid realm.* 3. Ahmad Ashraf. Iranian identity III: Medieval-Islamic period // Encyclopædia Iranica. — 2006. — Т. 13. — С. 507—522. Арыгінальны тэкст (англ.)   

(…) the Mongol and Timurid phase, during which the name “Iran” was used for the dynastic realm and a pre-modern ethno-national history of Iranian dynasties was arranged. 4. Гісторыя Ірана з найстаражытных часоў да канца XVIII стагоддзя. — С. 187. 5. Петрушевский И. П. Иран и Азербайджан под властью Хулагуидов (1256–1353 гг.) // Татаро-монголы в Азии и Европе. — С. 235.

Бібліяграфія

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·З’явіліся ў 1256 годзе
Катэгорыя·Дзяржава Хулагуідаў
Катэгорыя·Зніклі ў 1335 годзе
Катэгорыя·Гісторыя Ірана
Катэгорыя·1256 год у Азіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай