Джуліа Кловіа (італ.: Giorgio Giulio Clovio; харв.: Juraj Julije Klović, мянушка Мачэда (Macedo) (1498, непадалёк ад Црыквеніцы— 5 студзеня 1578, Рым) — італьянскі жывапісец-мініяцюрыст харвацкага паходжання.
Вучыўся ў адным з манастыроў на сваёй радзіме ў Харватыі, пазней — у Італіі пад кіраўніцтвам Джуліа Рамана.
Кловіа быў некаторы час прыдворным жывапісцам венгерскага караля ў Афене, пасля чаго, пастрыгшыся ў манахі, жыў у Мантуі і Рыме, дзе наступіў росквіт яго таленту дзякуючы вывучэнню творчасці Мікеланджэла. Уславіўся цудоўнымі мініяцюрамі, якімі, па замове валадарных і шляхетных асоб і багатых манастыроў, упрыгожваў малітоўнікі, набажэнскія кнігі і іншыя рукапісы.
Яго галоўныя творы — мініяцюры раскошнага канону Багародзіцы, створанага для кардынала Фарнезэ («Часаслоў Фарнезэ»), «Распяцце з прадстаячай Марыяй Магдалінай» (у галерэі Піці ў Фларэнцыі), «Богамаці, якая аплаквае Збавіцеля, знятага з крыжа» (у галерэі Уфіцы, у Фларэнцыі), «Сцэны з жыцця імператара Карла V» (у Брытанскім музеі ў Лондане), ілюстрацыі да «Боскай Камедыі» Дантэ (у ватыканскай бібліятэцы ў Рыме) і інш.