wd wp Пошук:

Дацкія кругавыя замкі

Цяперашні стан валу кругавога замка ў Агерсбаргу (Данія).

Дацкія кругавыя замкі (нарв.: trelleborg) — абагульняльнае паняцце для шасці фартоў круглай формы эпохі вікінгаў. Сляды ваенных лагераў вікінгаў падобнай формы захаваліся ў Даніі (чатыры аб’екты) і паўднёвай частцы Швецыі (два аб’екты).

Паводле канструкцыі кругавыя замкі былі акружнасцю, абнесенай валам. Унутраная прастора падзялялася на чатыры роўныя часткі дзвюма перпендыкулярнымі вуліцамі. Злева і справа вуліц стаялі так званыя доўгія дамы. Паводле апісання А. Я. Гурэвіча, «уяўляюць сабой групы пабудоў, абнесеныя канцэнтрычнымі землянымі валамі і размешчаных каля марскога берага ў месцы, зручным для стаянкі караблёў».

У датаванні дацкіх круглых замкаў ёсць пэўныя цяжкасці. Большасць даследчыкаў адносіць будаўніцтва да 2-й паловы X ст. (уладарства Харальда Сінязубага), што пацвярджаюць і даныя дэндрахраналогіі. Шэраг даследчыкаў трымаецца думкі, што замкі былі пабудаваны па загаду Свена Вілабародага для збору войска перад паходам на Лондан у 1013 годзе.

У іншых мовах дацкім кругавым замкам можа адпавядаць паняцце трэлебарг (па назве першага знойдзенага замка гэтага тыпу). Да дацкіх кругавых замкаў некаторыя даследчыкі адносяць і паўміфічны Ёмсбарг.

Вядомыя на сёння замкі

Назва Вобласць Вал Дамы Карта кругавых замкаў
Дыяметр[1] Шырыня Кол-ць Даўжыня
Aggersborg (Агерсбарг)Ютландыя (Лім-фіёрд)288м11м4832,0м
Borgeby (Боргебю)Сконэ150м15м  
Fyrkat (Фюркат)Ютландыя (Хобра)120м13м1628,5м
Nonnebakken (Нонебакен)Фюн (Одэнсэ)120м   
Trelleborg (Трэлебарг)Зеландыя (Слагельсэ)136м19м 1629,4м
Trelleborg (Трэлебарг)Сконэ125м   
Замак Трэлебарг, непадалёк ад Слагельсэ.

Першым быў выяўлены і даследаваны Трэлебарг (літаральна «замак рабоў»[2]) каля дацкага горада Слагельсэ падчас раскопак 1936—1941 гадоў. Знешні вал таўшчынёй 18 метраў уяўляў сабой правільную акружнасць дыяметрам 136 метраў, вывераную з дакладнасцю да некалькіх сантыметраў[3]. Падлічана, што адхіленне ад геаметрычнага круга не перавышае 0,5 %. У сярэдзіне лагера меркавана размяшчалася вартаўнічая вышка.

Унутры акружнасці ў паўночна-паўднёвым і заходне-ўсходнім кірунку былі пракладзены драўляныя маставыя. Адпаведна, прасечаныя ў валах вароты былі арыентаваны на чатыры бакі свету. У кожным з чатырох сектараў круга стаяў доўгі дом. Дамы былі размешчаны перпендыкулярна адзін да аднаго і ўтваралі правільны квадрат з унутраным дваром.

Самы буйны лагер быў выяўлены археолагамі каля Агерсбарга. Дыяметр яго акружнасці перавышае 240 метраў. Як і іншыя падобныя збудаванні, ён быў разбіты ў месцы, якое дазваляла кантраляваць жыццёва важныя марскія шляхі.

У 2014 годзе на захад ад горада Кёгэ на востраве Зеландыя была выяўлена круглая крэпасць Вале Боргрынг дыяметрам 145 метраў[4]. Замак мог быць пабудаваны ва ўладарства караля Даніі і Нарвегіі Харальда I Сінязубага або яго сына — Свена I Вілабародага, які заваяваў Англію[5].

Зноскі

  1. Унутраны дыяметр вала
  2. стар.-сканд.: træl — раб
  3. А. Я. Гуревич. «Существовал ли Йомсборг?»
  4. У Даніі знойдзена новая крэпасць вікінгаў эпохі Харальда Сінязубага
  5. У Даніі адкрылі новую крэпасць вікінгаў

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Ёмсвікінгі
Катэгорыя·Замкі Даніі
Катэгорыя·Вікінгі