wd wp Пошук:

Гісторыя Албаніі

Гісторыя Албаніі налічвае не адну тысячу гадоў і цесна звязана з гісторыяй вялікіх цывілізацый і дзяржаў: Старажытных Грэцыі і Рыму, Візантыі, Асманскай імперыі. Незалежная Албанія з’явілася на палітычнай карце свету ў 1912 годзе і з таго часу неаднойчы змяняла форму ўлады і палітычны рэжым.

Сучасная тэрыторыя Албаніі, заселеная ілірыйцамі, у I тыс. да н.э. зведала ўплыў старажытнагрэчаскай цывілізацыі, затым ўваходзіла ў склад Рымскай Імперыі, далей — Візантыі, пад уладай якой у ХІІ стагоддзі ўзнікла першае албанскае княства, з ХV ст. уваходзіла ў склад Асманскай імперыі, а пасля Першай Балканскай вайны ў 1912 годзе абвясціла сваю незалежнасць. У 1939 годзе Албанскае каралеўства было захоплена фашысцкай Італіяй, якая стварыла дзяржаву «Вялікая Албанія», а ў 1943 годзе краіна стала пратэктаратам нацысцкай Германіі. У 1944 пасля выгнання фашыстаў была абвешчана сацыялістычная Албанская народная рэспубліка пад кіраўніцтвам Энвера Ходжы і Партыі працы. У эпоху камунізму Албанія перажыла шырокія сацыяльныя і палітычныя пераўтварэнні, а таксама ізаляцыю ад большай часткі міжнароднай супольнасці. У 1991 годзе аўтарытарны сацыялістычны рэжым быў зрынуты, пасля чаго паўстала сучасная албанская рэспубліка.

Старажытнасць

Апалонія — буйны грэчаскі порт на Ілірыйскім узбярэжжы Адрыятычнага мора. Размешчаны на заходнім канцы Эгнатыевай дарогі, што вяла з Рыма ў Канстанцінопаль

У старажытнасці тэрыторыя сучаснай Албаніі ўваходзіла ў склад Ілірыі, заселенай індаеўрапейскімі плямёнамі ілірыйцаў, якія пазней перамяшаліся са славянамі і фракійцамі. У 168 годзе да н.э. Ілірыя была заваявана Рымскай імперыяй і падзелена між правінцямі Далмацыя, Македонія і Мёзія. З 395 года тэрыторыя будучай Албаніі ўвайшла ў склад Усходняй Рымскай імперыі.

Сярэднявечча

Княства Арберыя — першая албанская дзяржава (ХІІ–ХІІІ стагоддзі)

У раннім Сярэднявеччы землі былі занятыя славянскімі плямёнамі. З ІХ па ХІ стагоддзя тэрыторыя Албаніі ўваходзіла ў склад Першага Балгарскага царства, пасля крушэння якога ўлада Візантыі аднавілася. Першая албанская дзяржава ўзнікла ў канцы XII стагоддзі, калі архон Прагон заснаваў васальнае ад Візантыі княства Арбанон (Арберыя) з цэнтрам у Круі. У 1272 кароль Сіцылійскага каралеўства Карл I Анжуйскі, прагнучы стварыць міжземнаморскую імперыю, зваяваў Арберыю і абвясціў сябе каралём Албаніі, паабяцаўшы албанскім князям адстойваць іх старажытныя свабоды. Яго Албанія ў сваіх максімальных памерах прасціралася ад сучаснага Дурэса на поўначы да Бутрынці на поўдні. У XIV Албанія была на кароткі час заваявана Сербіяй.

Асманскае панаванне

Георг Скандэрбег (1405–1468), кіраўнік антыасманскай барацьбы, што на 25 гадоў спыніла прасоўванне турак у Еўропу. Нацыянальны герой Албаніі

Каля 1435 года Албанскія княствы, следам за Сербіяй, зведалі нашэсце з боку Атаманскай імперыі. Некаторы час незалежнасць Албаніі атрымлівалася адстойваць Лежскай лізе на чале з князем Георгам Кастрыёці (Скандэрбегам), што стаў нацыянальным героем краіны. Пасля гібелі Скандэрбега надышлі пяць стагоддзяў турэцкага панавання. У гэты час албанскія феадалы актыўна пераходзілі ў іслам, каб захаваць свае маёнткі і багацце. Дзякуючы гэтаму албанскія арыстакраты часта займалі адказныя пасады на заваяваных славянскіх тэрыторыях Атаманскай імперыі.

Атрыманне незалежнасці

У XIX стагоддзі пачаўся нацыянальна-вызваленчы рух, а ў 1912 пасля паразы Турцыі ў Першая Балканскай вайна Албанскі Народны Кангрэс абвясціў незалежнасць Албаніі, прызнаную міжнародным супольніцтвам праз год. У 1913 годзе пад шум грымотаў Другой Балканскай вайны Грэцыя і Сербія няўдала паспрабавалі падзяліць Албанію паміж сабой. Падчас Першай сусветнай вайны Албанія паступова пераўтваралася ў княства і ў гэтым статусе знаходзілася да 1920 года.

Найноўшы час

Прэзідэнт (1924–28) і кароль (1928–39) Ахмет Зогу

У 19251939 гадах краінай кіраваў Зогу I, які пачынаў як прэзідэнт Албанскай рэспублікі. Пры ім 1 верасня 1928 года Албанія стала каралеўствам, а Зогу — каралём.

Другая сусветная вайна

Асноўны артыкул: Італьянскае ўварванне ў Албанію

"Вялікая Албанія", што існавала падчас італьянскай акупацыі

16 красавіка 1939 года Албанія была заваявана фашысцкай Італіяй, а італьянскі кароль Віктар Эмануіл III быў абвешчаны албанскім каралём. Пасля нямецай акупацыі Югаславіі ў 1941 годдзе да албанскага пратэктарата былі далучаны Косава і заходняя частка Македоніі. На новых землях Албанія праводзіла актыўныю албанізацыю, у той час як Італія спрабавала італізаваць саму Албанію. У красавіку 1943 года краіна была занята нямецкімі войскамі. У 19431944 гадах у Албаніі разгарнуўся моцны антыфашысцкі камуністычны рух. У лістападзе 1944 партызанская Народна-вызвалечая армія Албаніі ўсталявала кантроль над усёй тэрыторыяй краіны. 28 лістапада 1944 года Албанія стала народнай рэспублікай пад кіраўніцтвам камуністычнай Албанскай партыі працы і яе кіраўніка Энвера Ходжа. 29 лістапада 1944 года Албанія была цалкам вызвалена з-пад акупацыі, ад таго часу гэты дзень святкуецца як Дзень вызвалення. Такім чынам, у Албаніі, як і ў Югаславіі, у адрозненні ад большасці краін Усходняй Еўропы, камуністы прыйшлі да ўлады без непасрэднага савецкага ўмяшальніцтва.

Камуністычная Албанія

Неўзабаве за ўладу з камуністычнымі сіламі паспрачаліся манархісты, але албанскія камуністы мелі поспех, дзякуючы дапамозе югаслаўскага кіраўніка Іосіпа Броз Ціта. Ціта, марачы аб стварэнні Вялікай Югаславіі, прапанаваў Албаніі і Балгарыі ўвайсці ў склад Югаславіі, але гэтыя планы не былі здзейснены. Пасля 1945 года сацыялістычная Албанія ўваходзіла ў савецкі блок. У 1946 годзе ЗША наклалі вета на ўступленне Албаніі ў склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, куды Албанія была прынята толькі 14 снежня 1955.

Энвер Ходжа

З 1960-х гадоў, пасля савецкіх палітычных рэформ у сярэдзіне 1950-х, Албанія пачала выходзіць з-пад кантролю СССР. У 1968 годзе Албанія асудзіла савецкую інтэрвенцыю ў Чэхаславакію і выйшла з Варшаўскага дагавора. З гэтага часу сваю знешнюю палітыку камуністычная Албанія кіравала на мааісцкі Кітай, атрымліваючы ад таго значную фінансавую дапамогу. Ад астатняга камуністычнага і ўсяго капіталістычнага свету Албанія была ізалявана. У 1974 годзе кітайская дапамога была значна скарочана, у 1978 годзе спынена, у тым ліку, з-за вострай крытыкі албанскім камуністамі кітайскіх палітычных рэформ.

Албанія стала першай краінай у свеце, якая абвясціла сябе атэістычнай краінай. У 1976 годзе назва краіны была зменена на Народная Сацыялістычная Рэспубліка Албанія. У 1970-х праводзіліся «чысткі» кіраўнічых кадраў. У канцы 1970-х гадоў, пасля смерці Маа Цзэдуна ў Кітаі, у Албаніі пачалася міжкланавая барацьба за ўладу, якая абвастрылася пасля смерці прэм’ер-міністра Мехмета Шэху, якога Ходжа абвінавачваў у шпіянажы. Увогуле, Албанія стала адзінай у паслясталінскай Усходняй Еўропе краінай, дзе моцна праявіліся рэцыдывы сталінізму.

Дэмакратычная рэспубліка

Тырана. Толькі ў 1988 простым албанцам было дазволена шпацыраваць па Плошчы Скандэрбега

Смерць Ходжы ў 1985 годзе дала пачатак паступовай дэмакратызацыі краіны, напрыклад, грамадзянам дазволены выезд за мяжу (1990). У 1991 адбылася рэвалюцыя, у выніку якой сацыялістычны лад быў скасаваны і была абвешчана дэмакратычная (чацвёртая) рэспубліка. І ўсё адно ў 1991 годзе у выніку першых свабодных выбараў перамаглі камуністы. І толькі ўжо праз год іх адолелі дэмакратычныя сілы — быў выбраны першы некамуністычны прэзідэнт пасля 1945 года, С. Берыша.

У выніку эканамічнага крызісу ў студзені 1997 года адбыліся публічныя пратэсты супраць маштабных фінансавых махлярстваў, што перараслі ва ўзброеныя мяцежы ды анархію, а да ўлады прыйшла апазіцыя (Сацыялістычная партыя, яна ж былая камуністычная)). У краіну быў уведзены міратворчы кантынгент войск ААН (7 тысяч чалавек, красавік — жнівень 1997 года). У 1998 годзе назіраўся масавы прыток уцекачоў ад грамадзянскай вайны ў Косаве.

Праз восем гадоў, Сацыялістычная партыя страціла ўладу, і ў 2005 годзе на парламенцкіх выбарах перамаглі дэмакратычныя партыі. У 2009 годзе Албанія далучылася да НАТА. У 2009 годзе Албанія пачала працэдуру далучэння да Еўрапейскага Саюза. У 2011 годзе ў сталіцы Албаніі Тыране прайшлі акцыі пратэстаў супраць карупцыі дзейнага ўрада, у выніку трое дэманстрантаў загінулі[1]. 23 чэрвеня 2013 года на чарговых парламенцкіх выбарах перамагла Сацыялістычная партыя на чале з мерам Тыраны Эдзі Рамам[2]., яна ж атрымала парламенцкую большасць і на апошніх выбарах (2017).

  1. Прэм’ер Албаніі: ніхто не захопіць уладу гвалтам. Радыё Свабода (22 студзеня 2011).
  2. Албанія можа сёлета стаць кандыдатам у Еўрасаюз. Радыё Свабода (18 верасня 2013).
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гісторыя Албаніі