wd wp Пошук:

Герайскія гульні

Руіны храма Геры ў Алімпіі

Герайскія гульні, або Герайі (стар.-грэч.: Ηραία) — старажытнагрэчаскія святы ў гонар багіні Геры і спартыўныя спаборніцтвы ў бегу сярод дзяўчат. Гульні ладзіліся кожныя 4 гады ў Алімпіі, праз месяц пасля антычнай Алімпіяды[1].

Паходжанне

Удзельніца Герайскіх гульняў. Як мяркуецца, рымская копія грэчаскай статуі, каля 460 г. да н.э.

Бальшыня захаваных звестак дайшла з «Апісання Элады» Паўсанія[2]. Невядома, з якіх часоў ладзіўся фестываль, але Паўсаній называў гульні «старадаўнімі»[2]. Культ Геры ў Алімпіі вядзецца з X ст. да н.э., але існуюць больш раннія ўпамінанні пра зараджэнне культу Зеўса ў Алімпіі. Культ Геры дакладна існаваў к 600 году да н.э., калі ў Алімпіі быў збудаваны першы Храм Геры[3].

Невядома, былі спаборніцтвы ў бегу першапачаткова часткай фестывалю ў гонар Геры, ці сталі ёй пазней[3]. Паводле адной з версій, якую ўпамінае Паўсаній, гульні арганізоўвалі 16 жрыц багіні Геры, што адбылося ў часе канфлікту паміж Элідай і Пісай, калі памёр пісанскі тыран Дамафон (каля 580 года да н.э.); гісторыкі не выключаюць варыянт, што сам змест гульняў і свят мог быць зменены ў гэтыя гады[4]. Паводле другой версіі, якую таксама ўпамінае Паўсаній, Герайскія гульні заклала Гіпадамія, дачка Энамая, ува ўдзячнасць багіні за тое, што дапамагла ёй зладзіць шлюб з Пелопам.

Спаборніцтвы

Удзельніца Герайскіх гульняў. Як мяркуецца, Лаконія, каля 560 г. да н.э.

Адзіным спаборніцтвам на Герайскіх гульнях быў бег на дыстанцыю 5/6 стадыя, што адпавядае каля 160 м[5][1]. У спаборніцтвах удзельнічалі толькі незамужнія дзяўчаты[6]. Удзельніц дзялілі на тры ўзроставыя катэгорыі[7], але дакладна невядома, які быў узрост удзельніц[5]. Усе дзяўчаты беглі з распушчанымі валасамі і насілі кароткія хітоны (вышэй за калена), але пры гэтым у кожнай былі адкрытыя правае плячо і правыя грудзі[7]. Падобнае адзенне нагадвала экзоміс, які насілі рабочыя і які асацыяваўся з Гефестам[8]. Пераможніц узнагароджвалі вянком алівы і часткай тушы каровы, якой рабілі ахвяру ў храме Геры. У гонар пераможніц ставілі статуі ў храме Геры[1], а на статуях пісаліся іх імёны (да нашых часоў не захавалася ніводная такая статуя)[1]. Таксама пераможніца станавілася жрыцай Геры ў сваім родным горадзе.

Герайскімі гульнямі кіравалі 16 жанчын, якія адказвалі за пляценне пепласа ў гонар Геры і ладзілі скокі з песнямі ў гонар Гіпадаміі і Фіскоі[9]. У Паўсанія ёсць два тлумачэнні пра 16 жанчын: паводле версіі пра шлюб Гіпадаміі з Пелопам, Гіпадамія запрасіла шаснаццаць жанчын удзельнічаць у гульнях з нагоды свайго вяселля; паводле версіі пра канфлікт Эліды і Пісы, жыхары Эліды для рашэння спрэчкі абралі па адной жанчыне з кожнага поліса, і на гэтых жанчын была ўскладзеная адказнасць за правядзенне гульняў[10].

Значэнне

Паводле адной з версій, Герайскія гульні былі абрадамі палавога сталення[7] або нават шлюбнымі рытуаламі[11]. Мэцью Дылан адмаўляў версію пра шлюбныя рытуалы, пры гэтым спасылаўся на тры ўзроставыя катэгорыі ўдзельніц[7]. Нэнсі Сэруінт меркавала, што вялося пра міфалагічныя вяселлі, а з вяселлямі асацыяваліся іншыя спаборніцтвы ў бегу (напрыклад, гонка Дыяніса ў Спарце)[11].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Dillon, 2002, p. 131
  2. 1 2 Serwint, 1993, p. 404
  3. 1 2 Serwint, 1993, p. 405
  4. Serwint, 1993, p. 406
  5. 1 2 Scanlon, 2004
  6. Case, 2017, p. 29
  7. 1 2 3 4 Dillon, 2000, p. 460
  8. Serwint, 1993, pp. 416—417
  9. Serwint, 1993, pp. 419—420
  10. Spears, 1984, pp. 43—44
  11. 1 2 Serwint, 1993, p. 418

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Культура Старажытнай Грэцыі
Катэгорыя·Жанчыны Старажытнай Грэцыі