wd wp Пошук:

Генрых Дмахоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дмахоўскі.

Ге́нрых Міхайлавіч Дмахо́ўскі (ён жа Генрык Дмухоўскі, Генры Д. Сандэрс; 14 (26) кастрычніка 1810 — 14 (26) мая 1863) — удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху на землях Беларусі, Літвы і Польшчы ў 1830 — 1860-я гады. Скульптар.

Біяграфія

Паходзіў са шляхецкай сям’і. Пасля сканчэння прыродазнаўчага факультэта Віленскага ўніверсітэта (1828) далучыўся да паўстання 1830—1831, удзельнічаў у партызанскіх дзеяннях на мяжы Расійскай імперыі. Пасля паразы паўстання атрад Г. Дмахоўскага быў вымушаны адступіць на Палессе, а затым на Валынь, адтуль у Галіцыю (на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі). Аўстра-венгерскія ўлады арыштавалі Г. Дмахоўскага, суд прыгаварыў яго да зняволення, якое адбыў у 1834—1841 гадах у крэпасці Куфтайн. Пасля вызвалення жыў у Францыі, вучыўся ў мастацкай школе, наведваў майстэрні вядомых скульптараў.

У 1846 годзе ўдзельнічаў у вулічных баях у Львове. У 1852 годзе апынуўся ў ЗША пад імем Генры Д. Сандэрс. Для будынку кангрэсу (у Вашынгтоне) ён стварае бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касцюшкі. Гэтыя бюсты і сёння ўпрыгожваюць памяшканне Кангрэса ЗША. У гэты час ён робіць медальён з сілуэтамі пакараных смерцю дзекабрыстаў, бюст Л. Кошута, скульптурную групу «Гарыбальдзі з воінамі». У ЗША памерлі яго жонка і дзеці, пахаваныя ў Філадэльфіі, на магіламі Г. Дмахоўскім пастаўлены помнік.

Па смерці родных, у маі 1861 года (4 гады цягнулася бюракратычная валакіта — пакуль яму далі дазвол выехаць з ЗША) Г. Дмахоўскі адкрыў скульптурнае атэлье ў Вільні. Сярод найлепшых твораў, зробленых у гэты час, — мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігура Св. Уладзіслава для віленскай кафедры, помнік Уладзіслава Сыракомлі. Абраны грамадствам правадзейным членам Віленскай археалагічнай камісіі.

Мемарыяльная дошка на будынку бібліятэкі ў Забалоцці, на месцы якой стаяў сядзібны дом Дмахоўскіх

Падчас паўстання 1863—1864 Г. Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісненскага павета. Загінуў 26 мая 1863 года ў адным з першых баёў з расійскімі войскамі каля фальварка Парэчча. Пахаваны на курганным могільніку каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У маі 2020 на магіле Г. Дмахоўскага быў усталяваны помнік[1].

Зноскі

  1. На занядбанай магіле скульптара-паўстанца Генрыка Дмахоўскага паставілі душэўны помнік // nashaniva.by 25 мая 2020

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 кастрычніка
Катэгорыя·Памерлі ў Докшыцах
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
Катэгорыя·Скульптары Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мёрскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 1863 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Дмахоўскія
Катэгорыя·Памерлі 26 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1810 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Докшыцкім раёне
Катэгорыя·Асобы