wd wp Пошук:

Геаграфія Рэспублікі Конга

Рэспубліка Конга і суседзі

Рэспубліка Конга знаходзіцца ў Цэнтральнай Афрыцы і цягнецца ад 4° пн.ш. да 5° пд.ш., такім чынам, краіну амаль пасярэдзіне перасякае экватар. На поўначы мяжуе з Камерунам (494 км) і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай (487 км); на ўсходзе і поўдні па рацэ Конга і яе прытоку Убангі праходзіць мяжа з цёзкай, Дэмакратычнай Рэспублікай Конга (1229 км); на поўдні Конга мяжуе з ангольскім (паўанклавам Кабінда), на захадзе праходзіць звілістая, таму надзвычай доўгая, мяжа з Габонам (2567 км). На паўднёвым захадзе на вельмі нязначным працягу Рэспубліка Конга выходзіць да Атлантычнага акіяна (169 км), тым больш вялікае значэнне мае кожная зручная гавань на гэтым ўзбярэжжы. Сталіца краіны, горад Бразавіль, стаіць на рацэ Конга, такім чынам, знаходзячыся на самай мяжы з ДР Конга, акурат насупраць Кіншасы.

Рэльеф пераважна раўнінны і нізкагорны, карысныя выкапні багатыя і разнастайныя — вялікія запасы нафты і руд каляровых металаў. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны. Уздоўж мяжы з ДР Конга цячэ самая паўнаводная рака Афрыкі — Конга. Прырода адносна слаба ператворана дзейнасцю чалавека, захаваліся некранутыя лясы, балоты, што лічацца адным з самых загадкавых куткоў планеты; вельмі багаты жывёльны свет. У Конга найбольшая ў свеце папуляцыя гарыл.

Рэльеф і карысныя выкапні

У рэльефе дамінуюць плато (Батэке на ўсходзе) і невысокія горы Маюмба, што цягнуцца ў восевай частцы краіны з поўдня на поўнач і дасягаюць вышыні да 1020 м, гара Набемба; на поўначы значныя плошчы займаюць плоскія алювіяльныя раўніны. Уздоўж акіяна цягнецца забалочаная прыбярэжная нізіна. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды; маюцца невялікія радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных і вальфрамавых руд.

Клімат

Клімат гарачы, на поўначы экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сакавік-май, верасень-лістапад), на поўдні субэкватарыяльны з непрацяглым сухім сезонам (чэрвень-верасень). Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца (красавік, радзей сакавік) 24-27 °C, самага халоднага (ліпень, радзей жнівень) 20-25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, на крайнім поўдні 1200—1300 мм.

Гідраграфія

Рака Аліма

Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе галоўныя правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя на працягу ўсяго года. Прыбярэжная частка краіны адносіцца да басейна ракі Куілу (у верхнім цячэнні — Ніяры), што сцякае з гор цэнтральнага Конга. Рэкі багатыя на гідраэнергію. Самае вялікае возера — возера Малеба.

Раслінны і жывёльны свет

У вобласці экватарыяльнага клімату дамінуюць вільготныя экватарыяльныя, субэкватарыяльнага — лістападна-вечназялёныя лясы, што разам займаюць каля 50 % тэрыторыі. На поўначы лясы чаргуюцца з вялізнымі балотамі: у 2014 англійская экспедыцыя адкрыла вялізны тарфянік “памерам з Англію”, што раскінуўся і ў суседняе Конга.[1] На поўдні пераважаюць другасныя высакатраўныя саванны (каля 40 % тэрыторыі). Жывёльны свет: гарылы, леапарды, пантэры, на поўначы афрыканскія сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Даследванні таварыства аховы прыроды 2006–07 даюць падставу меркаваць, што ў дэпартаменце Санга жыве каля 125 000 заходніх раўнінных гарыл — найбуйнейшая ў свеце папуляцыя гэтых малпаў. Такая шматлікасць тлумачыцца вялікімі абшарамі цяжкапраходных балот, што ратуюць гарыл ад чалавека.

Ахова прыроды

Лесапакрытыя плошчы пад усё больш моцным антрапагенным прэсам імкліва скарачаюцца. Для аховы прыроды створаны нацыянальны парк Адзала і Дымоніка, што ўваходзяць у сусветную сетку біясферных рэзерватаў.

Літаратура

Зноскі

  1. https://www.theguardian.com/world/2014/may/27/peat-bog-swamp-congo-brazzaville-discovery
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Геаграфія Рэспублікі Конга