wd wp Пошук:

Галінды

Галінды (лац. Galindae, прус. Galindis) † — старажытныя балцкія насельнікі сучаснай тэрыторыі Мазовіі (Польшча).

Гісторыя

Упершыню назву галіндаў (грэч. Γαλίνδαι) узгадваў Пталемей (II ст. н. э.) сярод народаў Усходняй Еўропы. У сярэднявеччы храністы называлі Галіндыю часткай зямель прусаў (зараз тэрыторыя Мазовіі ў Польшчы). Археолагамі выяўлены рэшткі паселішчаў і некропаляў 1 — пач. 2 тыс. н. э., якія сведчаць, што мясцовыя жыхары займалася пераважна земляробствам і паляваннем. У V—VI стст. склаўся даволі развіты культурны цэнтр галіндаў у раёне сучаснага горада Ольштын. Яго насельнікі апрацоўвалі жалеза, бронзу, срэбра, выраблялі складаныя ювелірныя ўпрыгожванні. Ужо ў той час існавала сацыяльная няроўнасць. Галінды гандлявалі з суседнімі землямі. Іх рамесныя вырабы знаходзяць амаль па ўсёй тэрыторыі Прыбалтыкі, Паўночнай і Паўночна-Усходняй Польшчы.

Відавочна, у VII—VIII стст. галінды былі аслаблены сутыкненнямі з суседзямі-балтамі і прыйшоўшымі ў гэтыя краі славянамі, а ў XII ст. або самым пачатку XIII ст. перасяліліся ў землі прусаў і яцвягаў. Пад час заваявання Прусіі тэўтонамі Галіндыя ўжо амаль не мела насельніцтва. Пазней на месца галіндаў прыйшлі каланісты з іншых месц, у тым ліку з Германіі.

Праблема вызначэння

У сучаснай гістарыяграфіі няма адзінага меркавання, ці з’яўляліся галінды асобным народам ад прусаў або яго часткай. Хаця храністы называлі Галіндыю часткай Прусіі, у склад апошняй яны памылкова залічвалі таксама землі яцвягаў. Той факт, што назва галіндаў праіснавала вельмі доўгі гістарычны час, сведчыць пра тое, што яны хутчэй складалі самастойную этнічную еднасць.

Голядзь

Некаторыя паказваюць на блізкасць галіндаў да балцкага племені голядзь, якое існавала да кан. XII ст. на тэрыторыі сучаснай Расіі. Часам галіндаў нават называюць заходнімі галіндамі, а голядзь — усходнімі галіндамі. Падабенства назваў сапраўды можа паказваць на адзінства паходжання і больш шырокую тэрыторыю рассялення да ўварвання славян, але ў пач. 2 тыс. н. э. іх культуры ўжо былі досіць рознымі, каб сведчыць пра поўную еднасць.

Этымалогія

Этымалогія назвы галіндаў і голядзі застаецца спрэчнай, але часцей выказваецца думка, што яна паходзіць ад балцкага слова, што азначае «ускраіна» (прус. galindis). У такім разе паміж двумя балцкімі групамі было адзіным толькі тое, што яны насялялі ўскраінныя землі.

Мова

Мова галіндаў была непісьменнай і да нашага часу не дайшла. На тэрыторыі Польшчы захаваўся толькі шэраг тапонімаў (Galinde, Galland, Halindy), якія, як мяркуюць, маюць галіндскае паходжанне.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Балты
Катэгорыя·Зніклыя народы Еўропы