Ві́шнеўскае[1] — возера ў Беларусі, у Вілейскім раёне Мінскай вобласці на мяжы з Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці і Смаргонскім раёнам Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца за 32 км на паўночны захад ад Вілейкі, каля вёскі Вішнева. Належыць да групы Свірскіх азёр.
Возера знаходзіцца ў басейне ракі Страча. Плошча возера Вішнеўскае складае 9,97 км². Найбольшая глыбіня возера — 6,3 м. Даўжыня возера — 4,38 км, найбольшая шырыня — 3,52 км. Даўжыня берагавой лініі — 13,6 км. Аб’ём вады ў возеры складае 19,79 млн м³, плошча вадазбору — 56,2 км². Салёнасць вады — 0,245[1] г/л.
Схілы катлавіны возера маюць вышыню 2—3 м, знаходзяцца пад хваёвым лесам. Берагі нізкія, часта забалочаныя і затарфаваныя, знаходзяцца пад хмызняком. На поўдні і захадзе берагі высокія. Пойма мае шырыню 5—50 м, забалочаная і знаходзіцца пад хмызняком. Дно вадаёма плоскае, да глыбіні 1,5 м высланае пяском і глеем, на большых глыбінях — сапрапелем.
Паласа прыбярэжнай расліннасці складае 100—800 м, расліннасць пашыраная да глыбіні 2 м. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Упадаюць 5[1] ручаёў. На поўначы з возера выцякае рака Смолка, якая злучае Вішнеўскае з возерам Свір.
Вакол возера існуюць легенды і паданні. Адно з іх[2] запісаў вілейскі краязнаўца Ігар Кіцікаў.