wd wp Пошук:

Вітаўт Міхайлавіч Мартыненка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мартыненка. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Вітаўт. Вітаўт Міхалавіч Мартыненка (29 верасня 1959, Мінск — 17 красавіка 2016, Мінск[1]; Псеўданімы: Вінцук Гуненка; Рыгор Дамінюк; і інш.) — беларускі журналіст, музычны крытык, пісьменнік, паэт і аўтар тэкстаў.

Біяграфія

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1982). У 1982—1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай газеты «Чырвоная змена», з 1983 рэдагаваў музычную рубрыку «Мелодыя» (з 1986 — «Нотны аркуш»). Працаваў на Беларускім тэлебачанні. У 1989—1997 супрацоўнічаў з мюнхенскай рэдакцыяй «Радыё Свабода», музычны каментатар, арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад. У 1989—1999 працаваў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска», у 19942006 — музычны кансультант лэйблу «БМАgroup». Член Саюза журналістаў СССР (з 1985).

У 1985 разам з Анатолем Мяльгуем стварыў першы ў Беларусі рок-клуб «Няміга». Удзельнік арганізацыі фэстаў «Тры колеры» (1986, 1988), «Басовішча» (1990). У канцы 1980-х — удзельнік «Талакі», «Тутэйшых», у 1988 годзе стаў арганізатарам адной з першых груп падтрымкі БНФ, якую створыў у дзяржаўнай газеце «Чырвоная Змена». За ўдзел у Дзядах-88 Вітаўт Мартыненка быў асуджаны (адміністрацыйна). У адказ на гэта ў «Чырвонай Змене» з’явіўся калектыўны артыкул «Процістаянне».

Пісаў прозу, вершы, якія друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах, перакладаліся на польскую і украінскую мовы, выдаваліся ў кніжных зборніках і на кампакт-дысках папулярных рок-гуртоў («P.L.A.N.», «Tesaurus», «DeadMarsh», украінскі «Тінь Сонця»). Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму» (1989, Нью-Йорк, разам з А. Мяльгуем), «222 альбомы беларускага року і не толькі» (2006, Мінск, разам з А. Мяльгуем)[2]. Выдаў таксама ў сваёй рэдакцыі з прадмовай і каментарамі беларускі пераклад раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) і асобным выданнем поўны тэкст названай прадмовы — «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінгвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003). Аўтар шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця.

В. Мартыненка ўвёў тэрміны «беларускі рок» (беларускамоўны) і «рок з Беларусі» (англа-, руска- і інш. моўны), палемізаваў з жураналістамі, якія не прымалі такой тэрміналогіі. Апанентамі выступалі журналісты Юрый Цыбін і Зміцер Падбярэзскі.

У 2010 выйшла самастойная кніга В. Мартыненкі «Rock on-line», падрыхтаваная выдавецтвам «Каўчэг», дзе зноў праявілася рэха нязгаслых дыскусій у форме, як пісалі рэцэнзенты, «дэтэктыўнага сюжэту на базе дакументальных фактаў».

Хварэў на цукровы дыябет. У 2016 годзе з ускладненнямі трапіў у шпіталь і перанёс хірургічную аперацыю. Памёр 17 красавіка 2016 года. Цела спалена ў крэматорыі на Паўночных могілках Мінска[3].

Ацэнкі

Таццяна Заміроўская дала ў 2008 годзе ў сваёй калонцы на «БелаПАН» такую ацэнку творцу: «Вітаўт Мартыненка — натуральны Курт Кабейн беларусскай музжурналістыкі»[4].

Зноскі

  1. Памёр Вітаўт Мартыненка (нявызн.). Радыё Свабода (17 красавіка 2016). Праверана 17 красавіка 2016.
  2. Ареша; misty. СТАТЬИ: Презентация третьего тома книги «222 альбомы беларускага року і ня толькі»(руск.) . LiveSound.by (7 лютага 2008). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2008. Праверана 15 ліпеня 2020.
  3. Развітанне з Вітаўтам Мартыненкам адбудзецца 19 красавіка
  4. Замировская, Татьяна. ШОУ-БИЗ. PLEASE KILL ME(руск.) . БелаПАН (11 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2020. Праверана 31 сакавіка 2020.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Нарадзіліся 29 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў 2016 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ
Катэгорыя·Члены Талакі
Катэгорыя·Памерлі 17 красавіка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Супрацоўнікі газеты «Чырвоная змена»
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1959 годзе
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі