Ве́тчанскае — возера ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Ушача, за 28 км у напрамку на паўднёвы ўсход ад Ушачаў, каля вёсак Мірны і Ветча.
Плошча паверхні возера 0,35 км². Даўжыня 0,98 км, найбольшая шырыня 0,48 км, даўжыня берагавой лініі 2,4 км. Плошча вадазбору 3,5 км².
Катлавіна возера выцягнутая ў напрамку з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны спадзістыя, месцамі стромкія. Вышыня схілаў дасягае 8—10 м. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі нізкія, ва ўсходняй частцы зліваюцца са схіламі катлавіны. У паўночнай частцы выцякае ручай, злучаючы Ветчанскае з возерам Лагі.
У возеры водзяцца гусцяра, плотка, акунь і іншыя віды рыб.