wd wp Пошук:

Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гіруць. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Русакевіч.

Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч (18 кастрычніка 1953, Міхайлоўшчына, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць — 22 студзеня 2021, Валожын, Мінская вобласть, Беларусь) — беларуская паэтка, журналістка, грамадскі дзеяч. Член Беларускага саюза журналістаў (1985), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2009).

Біяграфія

Магіла Валянціны Гіруць-Русакевіч (2022).

Скончыла Міхайлоўшчынскую сярэднюю школу (1970), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (факультэт журналістыкі).

У 1975—1997 гадах працавала ў валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». У 1997—2002 гадах узначальвала аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама. У 2004—2021 гадах працавала ў Валожынскім раённым цэнтры культуры кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».

З маладосці хварэла на бранхіяльную астму. З узростам хваробаў стала болей, але паэтка шмат працавала. У пачатку студзеня 2021 года захварэла на COVID-19 і гаспіталізавана, праз ускладненні хваробы пераведзена ў рэанімацыю на ШВЛ. Памерла 22 студзеня 2021 года.

Пахавана на Валожынскіх могілках.

Творчасць

На сцэне раённага цэнтра культуры ў Валожыне (2010).

Першыя вершы, а іх Валянціна пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 годзе ў ашмянскай раённай газеце «Красное знамя». На абласным злёце маладых паэтаў Гродзеншчыны, дзе выступала на 130-годдзі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, пазнаёмілася з паэтам Алегам Лойкам. Падчас вучобы ва ўніверсітэце адзін з вершаў В. Гіруць надрукаваны ў калектыўным зборніку «Універсітэт паэтычны», дзе былі прадстаўлены творы ўсіх паэтаў, хто вучыўся ў гэтай навучальнай установе.

Першая кніга В. Гіруць-Русакевіч «Я адкрываю вам душу» выйшла пад канец 1996 годзе ў серыі «Бібліятэка часопіса „Маладосць“». Да гэтага былі публікацыі ў часопісе «Полымя», газетах «Рэспубліка», «Народная газета», «Мінская праўда». Працуючы ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты, Валянціна Францаўна вяла «Літаратурную старонку», займалася з юнымі паэтамі ў літаратурным аб’яднанні «Рунь», якому ў 1997 годзе было прысвоена званне народнага. Пазней выйшлі зборнікі вершаў «Пад зоркаю лёсу» (1999), «Мовай сэрца» (2008), «На нітцы часу» (2018); кнігі для дзяцей «Каляровыя вятры» (2011), «А ці ведаеце вы?» (2013).

Тэматыка вершаў В. Гіруць-Русакевіч розная, але галоўная — любоў да сваёй Радзімы, людзей, якія жывуць побач, сяброў, блізкіх. Яна часта сустракалася з чытацкай аўдыторыяй у бібліятэках, школах, іншых установах. У 2009 годзе аўтабіяграфія В. Гіруць-Русакевіч увайшла ў кнігу аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі «З росных сцяжын» (Мінск, «Мастацкая літаратура»).

Народнае літаратаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь»

В. Гіруць-Русакевіч з удзельнікамі аб’яднання «Рунь» (2019)

Літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» створана ў 1978 годзе, адным з заснавальнікаў была Валянціна Гіруць-Русакевіч. У 1997 годзе аб’яднанню прысвоена званне «народнага». З 2004 па 2021 гады Гіруць-Русакевіч з’яўлялася кіраўніком аб’яднання. У яго склад уваходзяць паэты і празаікі ўсіх узростаў. Сярод традыцыйных форм работы аб’яднання: вечары-партрэты, вечары-ўшанаванні, літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі кніг, літаратурныя святы, экскурсіі і г. д. Пад кіраўніцтвам В. Гіруць-Русакевіч удзельнікі аб’яднання выдавалі ўласныя кнігі і калектыўныя зборнікі кніг. На 2022 год у аб’яднанні налічваецца 35 чалавек, сярод іх як члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і пачынаючыя аўтары. Пасля смерці паэткі намаганнямі кіраўніка «Руні» Н. Жылевіч была выдадзена кніга «Час задумацца», у якую ўвайшлі многія ненадрукаваныя вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч.

Узнагароды

Памяць

Алея памяці В.Гіруць-Русакевіч

Алея памяці Валянціны Гіруць-Русакевіч — 8 кастрычніка 2021 года ў Міхайлоўшчыне высаджана алея імя В. Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі далучыўся муж паэткі Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец, кіраўнік справамі Жанна Садоўская, кіраўнік і ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч, Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская.

Творы

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Паэтэсы Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1953 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ашмянскім раёне
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза журналістаў
Катэгорыя·Памерлі 22 студзеня
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Валожынскім раёне
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 2021 годзе
Катэгорыя·Памерлі ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19
Катэгорыя·Выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пахаваныя ў Валожыне