Ва́верка[1] (трансліт.: Vavierka, руск.: Ваверка) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. З’яўляецца цэнтрам Ваверскага сельсавета.
Непадалёк ад вёскі знаходзіцца сажалка (пл. 0,33 км²)[2].
Існуе версія, што на месцы сучаснай вёскі існаваў летапісны горад Вевярэск, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далекіх і блізкіх» у канцы XIV стагоддзя сярод гарадоў ВКЛ.[3]
Пісьмова Ваверка вядома з 1413 г., калі Міхаіл Галігінавіч заснаваў касцёл Святога Францішка. Праз 50 гадоў удава Софія Галігінавіч і сын Жыгімонт Галігінавіч пацвердзілі правы касцёла Святой Троіцы, з чаго можна здагадвацца, ці то ў Ваверцы быў пабудаваны другі касцёл, ці перайменаваны ранейшы. У 1496 г. Старая Ваверка або Вялікая (паблізу з’явілася Новая Ваверка, пазней Дылева) перайшла ў спадчыну да Мікалая Жыгімонтавіча Галігінавіча.
Паміж 1501 і 1506 гг. Ваверка нейкім чынам аказалася ў земскага харунжага Мікалая Юндзіловіча (Юндзіла). У 1522 г. Ваверка належыць віцебскаму ваяводзе Я. Касцевічу. Здаўна вёска адносілася да ліку багатых парафій Віленскага біскупства. У 1559 г. у ёй налічвалася 54 дымы. У 1568 г. касцёл у Ваверцы быў перададзены кальвіністам, у 1648 г. вернуты католікам.
У 1570 г. Ваверка атрымала статус мястэчка, тут праходзіў гасцінец з Вільні на Кракаў, меліся корчмы, праводзіўся гандаль і кірмашы. Мястэчка абазначана на карце Т. Макоўскага (1613). У 1617 г. Ваверка належала А. Галеўскаму. Верагодна, ніколі пазней Ваверка не мела месцячковага статусу. Падчас вайны 1654—1667 гг. мястэчка і касцёл разбураны расійскім войскам І. Хаванскага.
У 1792 г. уладальнікам Ваверкі быў Караль Ласковіч. Падчас трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, вёска ўвайшла ў склад Мытлянскай воласці Лідскага павета Расійскай імперыі. У канцы XVIII ст. Ваверка ў Кастравіцкіх. У 1840 г. Самуэль Кастравіцкі (1788—1859) пабудаваў тут каменны касцёл на месцы старога. У 1881 г. у Ваверцы былі касцёл і карчма. У пачатку XX ст. становішча прыкметна не змянілася: 71 жыхар на 107 дзесяцін, вёска называлася Вавёркай, побач размяшчаліся хутар Жараўскай (19 жыхароў) і засценак Круповіча (6 чал. на 24 дзесяцінах).
У час Першай сусветнай вайны з 1915 г. вёска была акупіравана германскімі войскамі. 3 1921 г. у складзе Лідскага павета Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Да 1927 г. ў гміне Мыта(польск.) бел., пасля ў гміне Ваверка(польск.) бел.[4].
3 1939 г. у складзе БССР, з 12 кастрычніка 1940 г. цэнтр сельсавета Лідскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 — ліпені 1944 гг. акупіравана нямецкімі войскамі.
У 1970 г. было 93 двары. У 1973—1980 гг. праект планіроўкі і забудовы Ваверкі распрацоўваўся архітэктарам Р. І. Белагорцавым[5].