wd wp Пошук:

Бітва на Басі

Бітва на Басі — бітва, якая адбылася 8 кастрычніка 1660 на р. Бася (прыток Проні) паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Расіі ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.

У канцы верасня 1660 расійскі ваявода князь Юрый Аляксеевіч Далгарукаў[ru] размясціў сваё войска лагерам непадалёк ад Чавусаў, каля в. Гаспода на р. Бася ў Аршанскім павеце. На процілеглы бераг падышло прыкладна войска 12-тысячнае Рэчы Паспалітай на чале з вялікім гетманам літоўскім Паўлам Янам Сапегам, Міхалам Казімірам Пацам і Стэфанам Чарнецкім. Некалькі дзён праз Басю ішла артылерыйская перастрэлка, з 4 кастрычніка адбываліся сутычкі.

У ноч на 8 кастрычніка Сапега пераправіў усё войска за Басю і пастроіў яго ў баявы парадак. Яго сілы занялі цэнтральныя пазіцыі, на правым флангу была размешчана дывізія Чарнецкага, на левым — Паца. Апоўдні расійскія войскі выйшлі з лагера, адбыўся ўзаемны артабстрэл, пасля пачалася генеральная бітва. У цэнтры маскоўскае войска адкінула конніцу Сапегі, пабіла шмат пяхоты і, захапіўшы гармату і некалькі сцягоў, адышла да лагера. На абодвух флангах поспех быў на баку войск Рэчы Паспалітай, якія, разбіўшы расійскія атрады, адагналі іх да лагера. Пад вечар усё расійскае войска перайшло пад ахову лагерных умацаванняў. Харугвы Рэчы Паспалітай вярнуліся за Басю.

У цэлым бітва была паспяховай для войска Рэчы Паспалітай, якое здабыло ў ходзе бітвы 7 гармат, 15 сцягоў; расійскае войска страціла 427 чалавек забітымі і 519 трапілі ў палон, у т.л. палкоўнік фон Букавен. Не маючы дастатковых сіл, каб узяць расійскі лагер, войскі Рэчы Паспалітай перагарадзілі шлях, па якім са Смаленска дастаўляўся ў лагер харч. Сутычкі паміж бакамі працягваліся да 25 кастрычніка. На дапамогу асаджаным з боку Полацка падышло войска І. А. Хаванскага, што дало Далгарукаву магчымасць адступіць да Магілёва.

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ, 2005
  2. Kossarzecki K. Kampania roku 1660 na Litwie. 2005. Inforteditions.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Бітвы паводле алфавіта
Катэгорыя·Падзеі 8 кастрычніка
Катэгорыя·Бітвы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў
Катэгорыя·Бітвы ў Беларусі
Катэгорыя·Канфлікты 1660 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак