wd wp Пошук:

Будынак былой Мінскай партыйнай школы

Будынак былой Мінскай партыйнай школы — будынак у Мінску, размешчаны па вуліцы Карла Маркса, 31. У наш час у будынку размяшчаюцца эканамічны і філалагічны факультэты БДУ.

Гісторыя

Пабудаваны ў 1937 годзе з цэглы паводле праекта архітэктара А. П. Воінава. У будынку ў 1937—1941 гадах размяшчалася Вышэйшая камуністычная сельскагаспадарчая школа Беларусі імя У. І. Леніна і Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава.

У час нямецкай акупацыі ў будынку размяшчаліся фельдкамендатура і мінскае ўпраўленне абвера пад прыкрыццём службы сувязі. Будынак разбураны ў выніку савецкага авіяналёту 2 мая 1943 года.

У 1947 годзе адноўлены паводле праекта аўтара. У 1949 годзе з паўночнага боку вучэбна-адміністрацыйнага корпуса на адной восі з левым рызалітам прыбудавана актавая зала са службовымі памяшканнямі. Пасля вайны ў 1946 годзе тут працавала Рэспубліканская партыйная школа пры ЦК КПБ, ператвораная ў 1956 годзе ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. У 1978 годзе да дваровага фасада прыбудаваны новы корпус, злучаны з асноўным пераходам-галерэяй (архітэктар А. Канстанціновіч).

Архітэктура

План першага паверха

Пяціпавярховы складанай у плане канфігурацыі будынак вызначаецца строгасцю форм і прастатой архітэктурна-мастацкага вырашэння. Пастаўлены з водступам ад «чырвонай лініі» забудовы вуліцы. Галоўны пяціпавярховы аб’ём, фланкіраваны 2 невялікімі чатырохпавярховымі рызалітамі, завершаны атыкам. Уваход вырашаны ў выглядзе 4 згрупаваных парталаў. 2- і 4-ы паверхі цэнтральнай часткі аб’яднаны здвоенымі паўкалонамі без капітэлей і баз. Рытму цэнтральнай часткі адпавядаюць лапаткі на плоскасцях рызалітаў. Сцены 1-га паверха апрацаваны рустам.

Унутраная планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем аўдыторый і кабінетаў. 1-ы паверх заняты пераважна вестыбюльнай групай з гардэробам, тут жа знаходзяцца бібліятэка і музей школы. У вестыбюлі сцены раўнамерна расчлянёны канеліраванымі пілястрамі. У аздабленні інтэр’ераў шырока выкарыстана дрэва. У квадратным у плане фае, што злучае актавую залу з вучэбна-адміністрацыйным корпусам, 4 магутныя васьмігранныя калоны падтрымліваюць кесаніраваную столь з невялікай паўсферай у цэнтры. Над уваходнымі праёмамі фае навісаюць дэкаратыўныя сандрыкі на фігурных кранштэйнах. У прасценках актавай залы, асветленай з 2 бакоў высокімі прамавугольнымі вокнамі, пастаўлены трохчвэртныя калоны на высокіх базах, што нясуць буйны антаблемент.

Мемарыяльныя дошкі

На будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза, аднаму з арганізатараў партызанскага руху І. Кожару, які больш за 15 гадоў працаваў дырэктарам Вышэйшай партыйнай школы[1].

Зноскі

  1. БЫВШАЯ ВЫСШАЯ ПАРТИЙНАЯ ШКОЛА В МИНСКЕ

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
З’явіліся ў 1937 годзе
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Вуліца Карла Маркса (Мінск)
1937 год у Мінску
Філалагічны факультэт БДУ
Мінская вышэйшая партыйная школа
Будынкі і збудаванні Аляксандра Воінава
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Будынкі і збудаванні Мінска