wd wp Пошук:

Бетаві

Бетаві, таксама мала́йцы Бата́віі, мала́йцы Джака́рты, батаўцы (саманазва Orang Betawi) — група насельніцтва змешанага паходжання на востраве Ява, карэнныя жыхары горада Джакарта. У Інданезіі разглядаюцца як асобны народ[1]. Прыкладная агульная колькасць (2013 г.) - 5163 тыс. чал.[2]

Паходжанне

Бетаві з’яўляюцца крэоламі, нашчадкамі прадстаўнікоў розных народаў, якія сяліліся ў Джакарце1621 - 1942 гг. — Батвіі) пасля таго, як у XVII ст. яна была пераўтворана ў галандскую калонію. Сярод продкаў бетаві былі рабы з розных кутоў Паўднёва-Усходняй Азіі, выхадцы з Явы, еўрапейцы (пераважна галандцы, фрызы, партугальцы і немцы), кітайцы, арабы і г. д. Нягледзячы на тое, што культура і мова бетаві фарміраваліся пад значным уздзеяннем еўрапейскай і яванскай культур, яны не разглядаліся як пасярэднікі паміж каланізатарамі і карэнным насельніцтвам Інданезіі, не былі прадстаўлены ў элітных колах чыноўнікаў і адміністратараў, мелі нізкі сацыяльны статус. Пасля набыцця незалежнасці Інданезіі сітуацыя моцна не змянілася. Толькі ў 1970-ых гг. улады Джакарты звярнулі ўвагу на самабытнасць мясцовай малайскай культуры і сталі садзейнічаць яе вывучэнню і развіццю.

Асаблівасці культуры

Бетаві жывуць пераважна ў межах так званай Вялікай Джакарты, працуюць рабочымі, гандлярамі, рамеснікамі, але сярод іх таксама ёсць і сяляне, якія займаюцца вырошчваннем і продажам садавіны і гародніны. У апошнія дзесяцігоддзі сфарміраваўся бетаўскі пласт прафесійных інтэлектуалаў. Сем’і пераважна малыя нуклеарныя. Захаванню еднасці бетаві спрыяе стварэнне ў горадзе асаблівых кварталаў і раёнаў, населеных прадстаўнікамі гэтага народа.

У культуры бетаві прасочваюцца рысы кітайскага, арабскага, еўрапейскага і асабіста інданезійскага ўплыву. Гэта асабліва ярка прасочваецца ў вясельных традыцыях. Вясельная вопратка нявесты запазычана з кітайскай культуры, а вопратка жаніха паўтарае рысы вясельнай вопраткі ў Індыі і арабскіх краінах. У той жа час, музычнае і танцавальнае мастацтва, а таксама кулінарыя маюць сваю арыгінальную спецыфіку. Напрыклад, бетаўскі танец японг заснаваны на сундскім танцы джайпанган, аднак пасля ўнясення ў яго кітайскай стылістыкі стаў адрознівацца як ад арыгіналу, так і ад кітайскіх форм.

Знакаміты тэатральныя вулічныя відовішчы андэл-андэл, што суправаджаюцца выступленнем лялек да 2,5 - 3 м у вышыню:

Мова

Мова бетаві з’яўляецца крэольскай, належыць да аўстранезійскай сям’і моў, блізкая да яванскай, інданезійскай і малайскай моў. Літаратура на мове бетаві ўзнікла ў XIX ст. Адным з першых аўтараў быў Мухамад Бакір[3].

Рэлігія

Каля 9% вернікаў бетаві спавядаюць хрысціянства (пераважна пратэстантызм). Большасць астатніх вернікаў — мусульмане, радзей прадстаўнікі традыцыйных культаў.

Зноскі

  1. Betawi or not Betawi?
  2. Betawi of Indonesia
  3. Pluralism in classic Betawi literature

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Аўстранезійцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Народы Інданезіі
Катэгорыя·Народы Явы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на катэгорыю Вікісховішча адсутнічае ў Вікідадзеных