«Аршанскі кодэкс» ― помнік беларускай літаратуры позняга сярэднявечча, рукапісны зборнік канца XVII стагоддзя. Створаны да 1693 года у Аршанскім езуіцкім калегіуме. П’есы зборніка ставіліся ў калегіумах Оршы, Полацка, Навагрудка і Віцебска[1]. Знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх (Вроцлаў, Польшча). Акрамя «Аршанскага кодэкса» вядомы таксама створаны у Ковенскім калегіуме «Ковенскі зборнік» (1731), згублены у 1944 годзе ў Варшаве.
З’яўленне школьных тэатраў у Рэчы Паспалітай адносіцца да XVI стагоддзя. У адрозненне ад праваслаўных і пратэстантаў, езуіты імкнуліся спрыяць развіццю не толькі рэлігійнай, але і свецкай культуры, аддаючы перавагу відовішчным мерапрыемствам. Спачатку гэта былі самадзейныя аматарскія сцэнкі, якія разыгрывалі вучні духоўных школ, затым прадстаўлення ўскладніліся, у сярэдзіне XVII стагоддзя ўжо паказваліся драмы і камедыі[2][3][4].
У Беларусі інтэрмедыі (intermedius) вядомыя з канца XVI стагоддзя, ― гэта ўстаўкі ў школьныя драмы на лацінскай, радзей на польскай і стараславянскай мовах[5].
У пачатку XXI стагоддзя выяўленыя 36 беларускіх інтэрмедый XVI―XVIII стст. З іх 8 цалкам не публікаваліся, 6 захоўваюцца ў бібліятэцы Асалінскіх і 2 ў Львове[6].
Першай вядомай у гісторыі беларускай літаратуры інтэрмедыі, дзе персанаж кажа на ламанай беларуска-польскай мове, лічыцца інтэрмедыя да п’есы віленскага езуіта, выкладчыка калегіума, Каспара Пянткоўскага(1554―1612) «Цімон Гардзілюд» (1584)[7]. Герой п’есы ― камічны персанаж, віленскі кравец. У першай палове XVII стагоддзя ў літоўскіх Крожах паказвалася інтэрмедыя «Чорт Асмалейка», дзе селянін гаворыць па-беларуску, перамяжоўваючы гаворку ламанай польскай. У Гродне (1651) паказвалася камедыя езуіта Яўстафія Пылінскага «Пра Якуба і Іосіфа» (дакладней, пераказаная ім біблейская гісторыя)[8]. Камедыя давалася з інтэрмедыямі-дыялогамі «Гутарка Івана і царкоўнага слугі» і «Схізматык і уніят-католік».
Зборнік складзен з 4 польскіх барачных драм і 7 інтэрмедыйных тэкстаў да іх. Драмы: «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», «Слаўная дапамога для Раміравай перамогі, учынёная анёльскімі палкамі», «Містычнае прычасце ў жалю нявінных Кароля і Фрыдэрыка», «Містычнае вяселле прычасця Генсерыка і Трызімунда»[9].
Самая насычаная ў зборніку п’еса («Komunija duchowna świętych Borysa i Gleba») распавядае пра забойства князем Святаполкам сваіх братоў Барыса і Глеба. Спрабуючы растлумачыць з’яўленне персанажаў Кіеўскай Русі ў езуіцкім тэатры; А. Мальдзіс туманна кажа, што «гэта нешта іншае як заляцанні іезуітаў з мясцовымі праваслаўнымі жыхарамі»[10]. Дзеянне п’есы суправаджаецца сцэнкамі-інтэрмедыямі: трое палачан ― рамеснік, гарбар і селянін («русін») вядуць паміж сабой размову на бытавыя тэмы, маюць зносіны з гледачамі.
У п’есах «Слаўная дапамога для Раміравай перамогі» і «Містычнае прычасце ў жалю нявінных Караля І Фрыдэрыка» прысутнічае інтэрмедыя «Паляўнічы разам з іншымі рыхтуецца ды паляванне», дзе ўпершыню ў беларускай драматургіі з’яўляецца «маскаль». Яго дыялог з панскім паляўнічым носіць анекдатычны характар. Інтэрмедыю чацвёртай сцэны дэталёва апісвае А. Мальдзіс: «У ёй дзейнічаюць два д’яблы з польскімі прозвішчамі Кшычальскі і Казлоўскі. Ім хочацца сеяць па свеце сваркі, ды няма чым узараць поле. Д’яблы просяць мясніка-яўрэя, каб ён пазычыў ім вала, але аказалася, што ўсе валы ўжо з’едзены. Тады нячысцікі запрагаюць у плуг самога яўрэя. Апошні па-беларуску спавядаецца ў сваіх і чужых грахах. У заключэнні д’яблы паганяюць яўрэя, які цягне плуг, і засяваюць па свеце нязгоду. Такім чынам, інтэрмедыя не толькі смяшыла, але і павучальна асуджала д’яблаў, паноў і гандляроў-яўрэяў»[10].
На думку беларускіх савецкіх мастацтвазнаўцаў, камедыйныя сцэнкі да польскіх драм паказвалі селяніна («русіна») пераважна чалавекам цёмным і абмежаваным[11].
Польскі літаратуразнаўца Юльян Ляванскі ў прадмове да польскага выдання п’ес XVII стагоддзя пазначыў мову інтэрмедый як «украінска-беларуска-польскую мешаніну»[12]. Аднак А. Мальдзіс лічыць, што ў іх дамінуе беларуская мова, да якой дамяшаны русізмы і украінізмы. У інтэрмедыі «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» камічнае дасягаецца прыёмам супастаўлення «высокага» і «нізкага». Так, напрыклад, абгульваюцца беларускія і запазычаныя словы: «акт» і «так», «сцэна» і «сцяна», «просцэніюм» і «просценька», «сінопсэс» і «свінапас»[13].
Паводле заўвагі некаторых даследчыкаў, ― як б не ставіўся ордэн езуітаў да беларускага насельніцтва, ― уводзячы ў спектакль селяніна, «русіна», дзеда, ён прызнаваў беларусаў як самабытную нацыю[14].