wd wp Пошук:

Аршак Абрамавіч Фетваджан

Аршак Абра́мавіч Фетваджан (арм.: Արշակ Աբրահամի Ֆեթվաճյան; 1 кастрычніка 1866, Трапезунд, Асманская імперыя — 10 кастрычніка 1947, Медфард, Масачусетс, ЗША)[3]— армянскі мастак і дызайнер. Найболей вядомы як аўтар акварэлей архітэктурных помнікаў сярэднявечнага армянскага горада Ані, а таксама як праектант грашовых знакаў і паштовых марак Дэмакратычнай Рэспублікі Арменіі.

Біяграфія

Дзіцячыя і юнацкія гады

Аршак Фетваджан нарадзіўся ў 1866 годзе ў Трапезундзе. У родным горадзе ён вучыўся ў нацыянальным мастацкім інстытуце, а потым працягнуў сваё навучанне ў Дзяржаўнай мастацкай школе, адкрытай у Канстанцінопалі армянскім скульптарам Ервандам Васканам[4][5]. Тут Аршак навучаўся тэхніцы акварэлі ў італьянца Валеры[6]. Па сканчэнні мастацкай школы ў 1887 годзе Фетваджан працягнуў навучанне за мяжой. Ён з’ехаў у Рым і быў прыняты ў акадэмію Сан-Лука, дзе вучыўся ў італьянскага мастака і скульптара Чэзарэ Макары[4].

Творчае станаўленне

У 1891 годзе Аршак Фетваджан узяў удзел у італьянскай нацыянальнай мастацкай выставе, дзе яго мастацкі талент апынуўся ў цэнтры ўвагі. У тым жа годзе ён з’язджае на навуку ў Вену. Шмат разоў Фетваджан бываў у Венецыі, Армянскім Востраве Святога Лазара (Сан-Лазара-дэльі-Армені), дзе меў зносіны з Алішанам, піша яго партрэт — адзін з нешматлікіх[6].

У 1895 годзе А. Фетваджан пераязджае ў Санкт-Пецярбург. У Расіі ён браў удзел у мастацкіх выставах і далучыўся да Саюза рускіх мастакоў[4]. Па просьбе тэатральных улад Аршак Абрамавіч нядоўгі час займаўся тэатральнай крытыкай. Апроч іншага ў Санкт-Пецярбургу Аршак Абрамавіч заняўся вывучэннем архітэктуры[6].

Каўказскі перыяд

«Кафедральны сабор Ані» (акварэль, 1905).

У пачатку 1900-х гадоў А. Фетваджан з’ехаў у Закаўказзе, дзе арганізаваў некалькі сваіх выставак у Батуме, Тыфлісе і Баку. У якасці мастака-даследніка ён браў удзел у археалагічных раскопах (пад кіраўніцтвам Мікалая Мара) сярэднявечнай армянскай сталіцы Ані — горада, у якім засяродзіліся адны з самых выбітных прыкладаў армянскай архітэктуры сярэднявечча[5]. Вывучыўшы ўвесь горад, Аршак Абрамавіч зрабіў больш тысячы акварэляў і малюнкаў капліц, палацаў, цэркваў і манастыроў, захаваўшы ў драбнюткіх падрабязнасцях іх дэталі і дэкор. Шмат што з таго, што намаляваў мастак, потым ці зусім знікла, ці моцна змянілася[6].

У 1906 годзе Фетваджан пераехаў у Тыфліс, дзе застаўся на трынаццаць гадоў[6]. У гэты час ён шмат ездзіць па Еўропе, Арменіі. Вывучае гісторыю армянскай архітэктуры, ужытковае мастацтва, нацыянальны касцюм. Робіць акварэльныя малюнкі армянскага адзення. Апроч гістарычных помнікаў Ані Фетваджан таксама захаваў і іншыя армянскія помнікі культуры Каўказа[4][5].

Стварэнне банкнот і марак

У маі 1918 года была абвешчана Дэмакратычная Рэспубліка Арменія (ДРА). Праз год кіраўніцтва рэспублікі даручыла Аршаку Фетваджану падрыхтаваць узоры грошай і знакаў паштовай аплаты ДРА. Заказ на друкаванне банкнот выканала лонданская банкнота-друкавальная фірма «Ватэрлоа і сыны», а серыю з 10 стандартных марак арыгінальных малюнкаў вырабіла ў лістападзе 1920 года парыжская друкарня Шапо[7]. Аднак гэтыя банкноты і маркі не паступілі ў абарот, бо да моманту іх выхаду ўрад партыі Дашнакцуцюн быў зрынуты, а Арменія абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай. Надалей маркі Фетваджяна з наміналамі у 1, 3, 5, 10 і 15 рублёў з чорнай наддрукоўкай герба ССР Арменіі выкарыстоўваліся як гербавыя маркі.

Эміграцыя

З Парыжа, дзе Фетваджян кантраляваў друк марак, у Савецкую Арменію мастак не вярнуўся. Ён працягнуў выстаўляцца ў прэстыжных залах; так, прыкладам, яго мастацкія працы былі заўважаны на паказах у Луўры (1919, 1920) і Музеі Вікторыі і Альберта. У 1922 годзе мастак пераехаў у ЗША, спачатку ў Нью-Ёрк, а потым у Бостан[4][6]. Аршак працягваў маляваць і быў уведзены ў мастацкія грамадствы ўніверсітэтаў Гарварда, Калумбіі і Чыкага. Некалькі разоў ён звяртаўся да савецкага ўрада Арменіі з просьбай пра вяртанне, аднак штораз атрымваў адмову[6].

Аршак Фетваджан памёр у Медфардзе (штат Масачусетс) у 1947 годзе. Яго рэшткі былі перапахаваны ў Ерэване[5].

Зноскі

  1. Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 13 кастрычніка 2019.
  2. (unspecified title) Праверана 31 ліпеня 2017.
  3. Фетваджян Аршак Абрамович (нявызн.) (недаступная спасылка). Персоны. АртРу.инфо. Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2017. Праверана 26 кастрычніка 2009.
  4. 1 2 3 4 5 Чуказян Л. Фетваджян Аршак Абрамович (Ֆեթվաճյան, Արշակ Աբրահամի) // Армянская советская энциклопедия. — Ереван: Академия наук Армении, 1986. — Т. XII. — С. 623—624. (арм.)
  5. 1 2 3 4 Sim S.. Arshak Fetvadjian and Ani(англ.)  (недаступная спасылка). Ani Ephemera and Memorabilia. VirtualANI — Dedicated to the Deserted Medieval Armenian City of Ani (6 снежня 2004). Архівавана з першакрыніцы 13 сакавіка 2012. Праверана 26 кастрычніка 2009.
  6. 1 2 3 4 5 6 7 Аршак Фетваджян — живописатель Ани Архівавана 7 лістапада 2017. // Новое время. — 2009. — № 1794. — 17 октября. (Праверана 26 кастрычніка 2009)
  7. Щёлоков А. Парагены // Филателия СССР. — 1990. — № 12. — С. 42—43.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Асманскай імперыі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Ерэване
Катэгорыя·Памерлі 10 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Масачусетсе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1866 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1947 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі 7 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Мастакі марак
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 кастрычніка
Катэгорыя·Баністыка
Катэгорыя·Мастакі Расіі XIX стагоддзя