У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дваранін. Арсень Міхайлавіч Дварані́н (Дваронін) (13 сакавіка 1949, в. Малыя Краглі, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Краглі Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і, у якой было чацвёра дзетак. Пасля заканчэння Жукоўшчынскай васьмігодкі ён паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Дыпломнай работай студэнта-выпускніка быў архітэктурны праект, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ён экспанаваўся ў 1969 годзе на ВДНГ у Маскве і атрымаў сярэбраны медаль. Пасля заканчэння тэхнікума Арсень Дваранін працаваў архітэктарам у Брэсцкім праектным інстытуце «Белдзяржпраект»[1].
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1977 годзе[2]. Яго дыпломнай работай быў праект Мінскага мастацкага вучылішча, які экспанаваўся на Усесаюзнай выставе дыпломных работ у Вільнюсе. У час вучобы ў інстытуце Арсень пазнаёміўся там з будучай жонкай Ірынай Данілавай. У 1981 годзе яны пераехалі на радзіму жонкі ў Гомель, дзе жывуць і цяпер. Выкладае спецдысцыпліны на аддзяленні дызайну ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы[1].
Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года[1].
Працуе ў тэхніцы габелену, станковага жывапісу (партрэт, пейзаж, нацюрморт). Асноўныя работы (усе з жонкай I. Данілавай): трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—1987), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—1990) для аэрапорта, «Музыка» (1990—1991), «Песня» (1991—1993), «Музыка і тэатр» (1994) для музычных і мастацкіх навучальных устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абласнога драматычнага тэатра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш[2].
Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю[2].
Прымаў удзел у абласных і рэспубліканкіх выставах, а таксама міжнародных — у Польшчы (1987), Францыі (Клермон-Феран, 1991). У 1995 годзе ў Францыі была арганізавана персанальная выстава мастака. Габелены дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Гомельскім і Рэчыцкім музеях, а таксама за мяжой — у Францыі, Бельгіі, Расіі, Германіі, ЗША, Галандыі, Польшчы[1].
У шлюбе з мастачкай Ірынай Мікалаеўнай Данілавай.