wd wp Пошук:

Антрапасацыягенез

Антрапасацыягенез (ад грэч.: Ανθρωπος — чалавек + лац.: societas — грамадства + грэч.: Γένεσις — паходжанне), ці паходжанне чалавека і грамадства — раздзел антрапалогіі. Праблема антрапасацыягенеза разглядаецца як прыватнае пытанне біялагічнай эвалюцыі, якая адлюстроўвае гістарычнае развіццё жывой прыроды, уключае змяненні генетычнага складу папуляцый, фарміраванне адаптацый, утварэнне і выміранне відаў, пераўтварэнне біягеацэнозаў і біясферы ўвогуле. Выдзяляюць біялагічную эвалюцыю чалавека — фарміраванне марфалагічных асаблівасцей чалавека (прамахаджэнне, развіццё рукі як органа працы, развіццё мозга з цэнтрамі членараздзельнай мовы) і сацыягенез — станаўленне грамадскіх адносін, характэрных для чалавека (паходжанне форм грамадскай свядомасці, выяўленчага мастацтва, сям’і і інш.).

Тэорыя эвалюцыі была сфармулявана Ч. Дарвінам у 1859 г. у працы «Паходжанне відаў» на падставе ўскосных доказаў блізкасці жывёл і чалавека — рудыментарных органаў і атавізмаў, падабенства псіхічнай дзейнасці чалавека і вышэйшых чалавекападобных малпаў. Пазней яна была пацверджана прамымі доказамі — выкапнёвымі знаходкамі, паводле якіх будуецца эвалюцыйны рад ад ніжэйшых і вышэйшых прыматаў да чалавека. У далейшым рознымі навукамі — генетыкай, малекулярнай і агульнай біялогіяй, палеанталогіяй, геалогіяй і антрапалогіяй — атрыманы дадзеныя, якія дазваляюць лічыць эвалюцыйную тэорыю неабвержным фактам.

Да першапачатковай фазы папярэдніка чалавека аднеслі дрыяпітэкаў — высокаразвітых выкапнёвых малпаў, якіх большасць даследчыкаў лічыць агульнымі продкамі гарылы і шымпанзе. Яны не маюць прамых адносін да лініі сучаснага чалавека, але іх блізкасць абумоўлена асаблівым этапам развіцця, які прайшлі ўсе сучасныя антрапоіды і чалавек. У міяцэне дрыяпітэкі і блізкія да іх формы былі шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы, Каўказа, Азіі, Афрыкі, Індыі і Пакістана. У тых жа месцах былі знойдзены астанкі сівапітэкаў (жылі 10—14 млн. гадоў таму), якіх пачалі лічыць папярэднікам чалавека. Сярод іх выдзяляюць 2 лініі — рамапітэкаморфных, звязаных у большай ступені з азіяцкім кантынентам (у выніку іх развіцця з’явіліся азіяцкія чалавекападобныя - арангутаны і гібоны), і дрыяпітэкаморфных, больш распаўсюджаных у Афрыцы (далі пачатак развіццю афрыканскіх чалавекападобных малпаў і чалавека). У біялагічнай эвалюцыі чалавека выдзяляюць паслядоўныя этапы: аўстралапітэкаў (з’явіліся ў канцы міяцэна, звыш 5 млн. гадоў назад; у т.л. Homo habilis — чалавек умелы, каля 3 млн. гадоў назад), з якімі звязваюць пачатак сямейства чалавека і з’яўленне прамахаджэння; архантрапаў (Homo erectus — чалавек прамаходзячы, каля 1 млн. 200 тыс. гадоў назад), самых старажытных жыхароў Еўропы; палеаантрапаў (жылі больш за 100-35 тыс. гадоў назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens — чалавек разумны; з’явіўся больш за 50 тыс. гадоў назад). Найбольш важныя фактары антрапасацыягенеза — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біялагічнай эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы паявіліся на стадыі чалавека ўмелага. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапа. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, а таксама выявіліся культ, адрозненні — аснова сучасных этнічных адметнасцей, якія прасочваліся ў асаблівасцях вырабу прылад працы.

На тэрыторыі былой СССР стаянкі верхнепалеалітычнага чалавека, які жыў каля 30 тыс. гадоў таму, выявлены ва Украіне, Беларусі, Расіі, на Каўказе, Паміры, Сярэдняй Азіі, у басейнах рэк Кама, Індыгірка, Пячора, Дзясна, на Камчатцы. Неаантрапы знешне ўяўлялі сабой розныя расавыя тыпы. Тэрыторыя Беларусі пачала засяляцца ў палеаліце чалавекам неандэртальскай стадыі, пра што сведчаць археалагічныя стаянкі Бердыж і Юравічы. Пасля адступлення ледніка ў эпоху мезаліту тэрыторыя Беларусі канчаткова засялялі краманьёнцы — людзі сучаснага тыпу.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Антрапалогія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты