wd wp Пошук:

Біягеацэноз

Біягеацэноз — гістарычна складзеная сукупнасць жывых (біяцэноз) і нежывых (біятоп) кампанентаў аднароднага ўчастка сушы, дзе адбываецца кругаварот рэчываў і пераўтварэнне энергіі.

Тэрмін прапанаваў рускі геабатанік У. М. Сукачоў у 1942 годзе для абазначэння экасістэм на аднародных участках сушы.

Біягеацэноз уключае дзве структурныя часткі — біяцэноз і біятоп. Кожная з гэтых частак складаецца з пэўных кампанентаў, якія паміж сабой узаемазвязаны.

Біягеацэноз і экасістэма — блізкія паняцці, якія абазначаюць біясістэмы аднаго ўзроўню арганізацыі. Агульнай прыкметай для гэтых сістэм з’яўляецца наяўнасць у іх абмену рэчывам і энергіяй паміж жывым і нежывым кампанентамі. Аднак названыя паняцці не з’яўляюцца сінонімамі. Экасістэмы маюць розную ступень складанасці, розныя маштабы, яны могуць быць натуральнымі (прыроднымі) і штучнымі (створанымі чалавекам). Экасістэма не мае пэўнай размернасці. Біягеацэноз адрозніваецца тэрытарыяльнай абмежаванасцю і пэўным складам папуляцый (біяцэноз). Яго межы вызначаюцца наземным раслінным покрывам (фітацэнозам). Змяненне расліннасці сведчыць пра змяненне ўмоў у біятопе і пра мяжу з суседнім біягеацэнозам. Напрыклад, пераход ад драўніннай расліннасці да травяністай сведчыць пра яго мяжу паміж лясным і лугавым біягеацэнозамі. Біягеацэнозы вылучаюць толькі на сушы. Значыць, паняцце «экасістэма» больш шырокае, чым «біягеацэноз».

3 пункту погляду забеспячэння пажыўнымі рэчывамі біягеацэнозы аўтаномныя (незалежныя ад іншых біягеацэнозаў). У іх замкнуты кругаварот рэчываў паміж арганізмамі і навакольным асяроддзем, які забяспечвае адзінства жывой і нежывой прыроды.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Экасістэмы