У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лойка.
Антон Лойка (1746?, Слуцк — ?) — танцоўшчык і балетмайстар.
Па паходжанні беларус.
З 1756 года вучыўся ў Слуцкай балетнай школе Г. Ф. Радзівіла (у А. Пуціні і Л. М. Дзюпрэ), быў салістам мясцовай трупы.
З 1760 года працаваў у прыдворным тэатры Радзівілаў у Нясвіжы (з 1779 года — педагог балетнай школы і балетмайстар).
У 1780 годзе пасланы К. С. Радзівілам у Італію (Рым, Венецыя) і Аўстрыю (Вена) закупіць ноты балетаў і азнаёміцца з балетным мастацтвам іх тэатраў. Пасля вяртання вядучы балетмайстар Нясвіжскай балетнай школы (упамінаецца ў дакументах за 1782—1787 гады).
Разам з Г. Петынеці рыхтаваў пастаноўку балетаў «Арфей у пекле» на лібрэта Ф.Каселі і «Пігмаліён» на сюжэт «Метамарфозаў» Авідыя (1784), «Рустыка» (як мяркуюць, аўтарскае паўтарэнне «Балета сельскага», пастаўленага Петынеці ў Гродзенскім тэатры Тызенгаўза ў 1778 годзе) і «Турэцкі балет».
Працаваў у Нясвіжы з дачкой-балерынай да роспуску балета ў 1790 годзе.