wd wp Пошук:

Антон Канстанцінавіч Антановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Антановіч. Антон Канстанцінавіч Антано́віч (24 мая 1910, Казлы[1] Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці — 27 снежня 1980, Вільня) — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1969), прафесар.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1928 годзе скончыў польскую сямікласавую школу. Паступіў у Тэхнічную школу у Вільні, якую скончыў у 1932 па спецыяльнасці «тэхнік-паравозчык», аднак ва ўмовах панскай Польшчы знайсці працу па атрыманай спецыяльнасці не змог. Папераменна быў чорнарабочым на будаўніцтве, дыспетчарам на чыгунцы, настаўнікам пачатковай школы на Ашмяншчыне, супрацоўнікам беларускага музея у Вільне (1942—1944). Увесь гэты час настойліва займаўся самаадукацыяй і ў 1944 годзе здаў пры Віленскай мужчынскай гімназіі экстэрнам экзамены на атэстат сталасці. Пасля службы ў Савецкай Арміі (1944―1945) паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Скончыў яго, працаваў старшым бібліёграфам у рукапісным аддзеле навуковай універсітэцкай бібліятэкі. Пасля абароны ў 1961 годзе кандыдацкай дысертацыі, абраны старшым выкладчыкам, затым дацэнтам Віленскага ўніверсітэта. У 1969 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. Прафесар А. Антановіч 35 гадоў жыцця аддаў Віленскаму ўніверсітэту. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

Навуковая праца

Кандыдацкая дысертацыя А. Антановіча з’яўляецца першым спецыяльным даследаваннем помнікаў старога беларускага пісьменства, якія ўзніклі на Літве. За аснову ўзята актавая кніга Ковенскага земскага суда 1566―1567 гг. Гэта рукапіс на паперы аб’ёмам у 237 лістоў вялікага фармату, выкананы беларускім скорапісам XVI стагоддзя. А. Антановіч дэталёва прааналізаваў графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію і лексіку гэтага помніка. Па тэме дысертацыі ім апублікаваны два змястоўныя артыкулы: «Пытанні фанетыкі беларускай актавай мовы XVI ст.» (1960) і «Графіка і арфаграфія судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда» (1961)[2].

Тэмай доктарскай дысертацыі сталі помнікі татарска-мусульманскай пісьменнасці на беларускай мове. Вынікі гэтага даследавання выкладзены Антановічам у кнізе «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма» (1968). Антановічам выяўлены ў архівах, бібліятэках, музеях, а таксама ў прыватных асоб 24 вядомыя і невядомыя дагэтуль рукапісы XVII―пачатку XX ст., з іх 10 хамаілаў (дапаможнікаў дзеля служыцеляў рэлігійнага культу), 8 кітабаў (рукапісных зборнікаў пра жыццё Магамета, апісанне абрадаў і інш.), тэфсіры, 1 тэджвід, беларуска-турэцкі слоўнік 1836 года[3].

А. Антановіч пакінуў багатую навуковую бібліятэку і многа каштоўных навуковых матэрыялаў, ― усё гэта было куплена Віленскім універсітэтам.

Зноскі

  1. Прыгодзіч, 2010
  2. Германовіч, 2010, с. 9
  3. Германовіч, 1984, с. 127

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1910 годзе
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Мовазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1980 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Дактары філалагічных навук
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі 27 снежня
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Нясвіжскім раёне
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Навагрудскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Памерлі 17 снежня
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар