wd wp Пошук:

Антоні Касакоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Касакоўскі. Антоні Касакоўскі (1735 — 25 верасня 1798) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, апошні кашталян інфлянцкі (17891795), пасол Чатырохгадовага сойма.

Біяграфія

Прадстаўнік знатнага вялікалітоўскага шляхецкага роду Касакоўскіх герба «Слепаўрон». Другі сын стольніка жмудскага і стражніка ковенскага Дамініка Касакоўскага (1711—1743) і Марыяны з Забелаў. Браты — ваявода віцебскі і браслаўскі Міхаіл, біскуп інфлянцкі Юзаф Казімір і вялікі гетман літоўскі Шыман Марцін.

Быўшы прадстаўніком знатнага роду, Антоні Касакоўскі займаў шэраг дзяржаўных і ваенных пасад. У 1759 годзе — стражнік і падстароста ковенскі, быў выбраны дэпутатам Літоўскага Трыбунала. У 1762 годзе — харунжы пяцігорскай харугвы ў літоўскіх войсках. У 1765 годзе атрымаў пасаду пісара земскага ковенскага.

У 1777 годзе Антоні Касакоўскі, які ведаў кірыліцу і старабеларускую мову, быў запрошаны ў Варшаву для ўдзелу ў стварэнні копіі Метрыкі ВКЛ. У 1780 годзе быў выбраны паслом ад Ковенскага павета на сойм. У 1783 годзе атрымаў пасаду харунжага ковенскага і Ордэн Святога Станіслава.

У 1784 годзе пры садзейнічанні расійскага пасланца Магнуса фон Штакельберга Антоні Касакоўскі паспрабаваў дамагчыся пасады кашталяна менскага, але гэту пасаду заняў Шыман Забела. У 1786 годзе прэтэндаваў на мсціслаўскую кашталянію, якую паспеў перахапіць Юзаф Храпавіцкі.

У 1788 годзе Антоні Касакоўскі быў выбраны паслом ад Ковенскага павета на Чатырохгадовы сойм (1788—1792). Удзельнічаў у камісіі па праверцы вайсковага дэпартамента, у 1789 годзе быў выбраны соймавым суддзёй. У далейшым не ўдзельнічаў у працы сойма і прадстаўляў Ковенскі павет у Трыбунале Вялікага Княства Літоўскага. 30 верасня 1789 года атрымаў пасаду кашталяна інфлянцкага. У 1791 годзе стаў кавалерам Ордэна Белага Арла. У 1792 годзе расійскі пасланец Якаў Булгакаў унёс імя Антонія Касакоўскага ў спіс польска-літоўскіх паслоў і сенатараў, якія выступалі супраць новай канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай 3 мая 1791 года.

У 1792 годзе кашталян інфлянцкі Антоні Касакоўскі далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, дзе выконваў функцыі саветніка генеральнай літоўскай канфедэрацыі.

У 1794 годзе ў час паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі Антоні Касакоўскі быў арыштаваны ў сваім маёнтку Марцінішках паўстанцкім атрадам пад камандаваннем князя Рамуальда Гедройца. Быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і мусіў быў паўстаць перад судом, але па асабістым распараджэнні самога Тадэвуша Касцюшкі быў вызвалены. Двое яго братоў былі павешаны паўстанцамі.

25 верасня 1798 года Антоні Касакоўскі памёр у сваім маёнтку Марцінішкі (Літва).

Сям’я

З 1763 года быў у шлюбе з Элеанорай Страшэвіч, ад якой меў трох дачок (Ганну, Марыяну і Ефрасінню) і чатырох сыноў (Яна Непамуцэна, Міхаіла, Юзафа і Шымана). Яго сын Юзаф Антоній Касакоўскі (1771—1842) быў генералам французскай арміі і ад’ютантам імператара Напалеона Банапарта.

Зноскі

  1. Antoni Korwin-Kossakowski // MAK

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Калінінградзе
Катэгорыя·Памерлі ў Ёнаўскім раёне
Катэгорыя·Памерлі 25 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў 1798 годзе
Катэгорыя·Харунжыя ковенскія
Катэгорыя·Удзельнікі Вялікага Сойма 1788—1792
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Харунжыя пяцігорскія
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Дэпутаты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Таргавіцкія канфедэраты
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Белага арла (Рэч Паспалітая)
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава (Польшча)
Катэгорыя·Стражнікі ковенскія
Катэгорыя·Падстаросты ковенскія
Катэгорыя·Дэпутаты Сойма Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Кашталяны інфлянцкія
Катэгорыя·Пісары земскія ковенскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Касакоўскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1735 годзе