Анжаліка Борыс (польск.: Andżelika Borys; нар. 14 кастрычніка 1973) — настаўніца і польскі грамадскі дзеяч Беларусі. Кіраўнік Саюза палякаў на Беларусі (абрана ў 2005, 2009, 2016), які не прызнаецца ўрадам Аляксандра Лукашэнкі.
Нарадзілася ў вёсцы Грабяні Гродзенскага раёна. Скончыла сярэднюю школу ў вёсцы Падліпкі на Гродзеншчыне, а потым — педагагічны тэхнікум у Замосці (Польшча). Атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю ў Беластоку. Пасля навучання вярнулася ў Беларусь, каб выкладаць польскую мову ў польскай школе ў Гродне і ў Адэльску. У 1995 стала членам Саюзу палякаў на Беларусі (СПБ), а праз тры гады — кіраўніком яго адукацыйнага аддзела. На шостым з’ездзе СПБ у сакавіку 2005 яна была абрана, кіраўніком Саюза, што выклікала незапакоенасць дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь. Змяніла на гэтай пасадзе Тадэвуша Кручкоўскага, які імкнуўся да супрацоўніцтва з уладамі. 12 мая 2005 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь скасавала вынікі выбараў.
За сваю дзейнасць неаднаразова сутыкалася з беларускай праваахоўнай сістэмай. Пачынаючы з 2005 Шматразова выклікалася на допыты ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, пракуратуру. Некалькі разоў атрымлівала вялікія штрафы ці арыштоўвалася. 9 чэрвеня 2008 атрымала штраф у памеры 1,4 млн беларускіх рублёў (больш чым 400 €) за арганізацыю 2 мая 2008 у Гродне канцэрту польскага гурта Lombard.
15 сакавіка 2009 другі раз была абрана кіраўніком незарэгістраванага Саюза палякаў на Беларусі. Анжаліка Борыс была затрымана 23 сакавіка 2021 года і асуджана на 15 сутак. 25 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што распачала крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага Cаюза палякаў Анжалікі Борыс і іншых асоб па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне варожасці). Борыс і іншых абвінавачваюць у правядзенні масавых мерапрыемстваў, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандфармаванняў, а іх дзеянні нібыта пераследвалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа[1][2].