wd wp Пошук:

Ананімны твор

Ананімны твор у літаратуры — твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было імкненне ўнікнуць пераследу ўладамі.

Ананімна з’явіліся многія літаратурныя і філасофскія творы — «Думкі» Б. Паскаля, «Максімы» Ф. Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А. Радзішчава, «Таўрыяіяда» А. Пушкіна і інш.

У Беларусі

У старабеларускай літаратуры многія творы, асабліва свецкія, былі ананімныя.

У час станаўлення новай беларускай літаратуры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, аўтары не пазначалі сваё аўтарства, прычынай быў гістарычны кантэкст — творы мелі пераважна апазіцыйны расійскім уладам характар, большасць іх прасякнута вострай крытыкай як дзяржаўнага ладу, так і нацыянальна прыгнёту. Пагатоў творы распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах, бо друк на беларускай мове (апроч матэрыялаў у этнаграфічных працах) быў забаронены да 1906 года. Але і пазней найбольш вострыя творы з’яўляліся ананімна. З ростам нацыянальна-культурнай свядомасці ананімнасць абуджала дадатковую цікаваць да аўтараў беларускіх твораў (Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.).

Найбольш вядомыя ананімныя творы беларускай літаратуры — створаныя падчас і пасля паўстання 1830—1831 гадоў «Віншаванне бондара Савасцея» і «Вясна гола перапала», з другой паловы ХІХ стагоддзя частцы твораў уласціва псеўданімнасць, з гэтага часу вядома паэма «Мачыха», падпісаная Адэляй з Устроні, напярэдадні і падчас паўстання 1863—1864 гадоў створаны «Гутарка старога дзеда», «Гутарка пана з селянінам», «Дзякуй Богу і гасудару», у 1870—1880 гады — верш «Праўда», «Гутарка ў карчме, спісаная Кандрасем з-пад Докшыц», у канцы ХІХ стагоддзя — вершы «Тэатр», «Дудар», «Я клічу вас», пад псеўданінам Будзіцель, «Палякам у дзень 3-га мая», пад псеўданімам Горэвід.

Ананімныя творы ХІХ стагоддзя жанрава-разнастайныя: паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», верш-апавяданне «Два д’яўлы», элегія «Могілкі», лірычныя вершы «Вясна гола перапала» і «Ой, у полі вецер вые», вершаваныя або празаічныя гутаркі «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка Кузьмы з Апанасам», проза «Казка не казка, але так бывае». Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або палітычных пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К. Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы былі і ў савецкі час («Сказ пра Лысую гару»).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Літаратурныя творы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Ананімныя творы